Расія пагадзілася дапусціць інспектараў ААН на Запарожскую АЭС
Запарожская АЭС / фота з афіцыйнага тэлеграм-канала прэзідэнта Украіны
Расія падасць доступ на Запарожскую АЭС прадстаўнікам ААН, піша BBC. Такую заяву Крэмль зрабіў пасля тэлефоннай гутаркі прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з французскім лідарам Эмануэлем Макронам.
Абодва прэзідэнты пагадзіліся, што на завод павінныя трапіць эксперты МАГАТЭ, якія маглі б ацаніць сітуацыю, заявілі ў Крамлі.
Генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі сказаў, што гатоў наведаць АЭС асабіста.
“У гэтай вельмі нестабільнай і далікатнай сітуацыі жыццёва важна, каб не распачыналася ніякіх новых дзеянняў, якія маглі б яшчэ больш паставіць пад пагрозу бяспеку адной з найбуйных у свеце атамных электрастанцый”, — сказаў Гросі.
У начным звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пазітыўна адгукнуўся пра магчымасць такой праверкі. Дэталі візіту яшчэ абмяркоўваюцца, дадаў ён.
Расія захапіла Запарожскую АЭС яшчэ ў сакавіку. Па заявах Кіева, яна ператварыла тэрыторыю ў вайсковую базу, змесцаваўшы там вайсковую тэхніку, зброю і каля 500 вайскоўцаў. Па заявах Украіны, гэта месца скарыстаюць у якасці шчыта, каб не дапусціць прасоўвання Украіны за Дняпро. Расія адмаўляе, што захоўвае зброю на заводзе.
У апошнія тыдні тэрыторыя вакол аб'екта падпала пад моцны артылерыйны абстрэл, прытым Кіеў і Масква вінавацілі ў гэтых абстрэлах адзін аднаго.
На патрабаваннях правесці дэмілітарызацыю завода расійскія афіцыйныя асобы адказваюць адмовай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.