Расія пагадзілася вярнуць чацвярых украінскіх дзяцей іх родным — СМІ
Украінскае дзіця гуляе ў цэнтры прыёму бежанцаў у Запарожжы, ілюстрацыйнае фота
Чацвёра ўкраінскіх дзяцей ва ўзросце ад 2 да 17 гадоў вяртаюцца з Расіі ў свае сем'і ва Украіне, піша The Washington Post. На публікацыю звярнуў увагу рэсурс "Зеркало". Вяртанне стала магчыма дзякуючы пасярэдніцтву Катара.
Двое дзяцей ужо вярнуліся да родных, яшчэ двое павінны ўз'яднацца з сем'ямі ў бліжэйшыя дні. Маме, у прыватнасці, ужо вярнулі двухгадовага хлопчыка з Жытомірскай вобласці. Калі пачалася вайна, яму было ўсяго 6 месяцаў, і ён знаходзіўся ў бальніцы. Як ён апынуўся ў Расіі, незразумела. Чакаюць, што на гэтым тыдні сям'я выедзе ва Украіну. Яшчэ адно дзіця — сямі гадоў, за ім прыехала бабуля. Яго маму затрымалі расійскія ўлады, дзіця з тых часоў знаходзілася ў дзіцячым доме.
У сераду павінны вярнуцца 17-гадовая дзяўчына і 9-гадовы хлопчык з Херсонскай вобласці. Хлопчыка забралі, калі Расія акупавала рэгіён. Перамовы па вяртанні гэтых дзяцей доўжыліся некалькі месяцаў, расказала крыніца ў Катары. Дадому яны вяртаюцца рознымі маршрутамі, у тым ліку праз Беларусь. Пры гэтым задзейнічалі некалькі відаў транспарту, уключаючы дыпламатычны канвой, цягнік і прыватны чартарны самалёт праз Катар.
Катарскія ўлады спадзяюцца, што "калі ўсё пройдзе гладка, гэта можа адкрыць дарогу для вяртання іншых дзяцей".
Нагадаем, гвалтоўная дэпартацыя дзяцей лічыцца ваенным злачынствам. У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародныя ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. У Гаазе лічаць, што Пуцін і яго чыноўніца нясуць адказнасць за незаконную дэпартацыю дзяцей. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл мяркуюць, што да гэтага злачынства датычныя і беларускія ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.