Расія прыкрываецца Беларуссю, хаваючы звесткі пра вывезеных з Украіны дзяцей

Дзмітрый Лубінец

Дзмітрый Лубінец / Instagram / dmytro_lubinets

Расія сістэмна перамяшчае вывезеных украінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі, каб схаваць іх рэальную колькасць. Пра гэта заяўляе ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец.

"Нам трэба знайсці, хто ўзяў дзяцей, адкуль, як ён іх прывёз на тэрыторыю РФ. А калі гэта адбываецца праз тэрыторыю Беларусі, то як знайсці такую інфармацыю на яе тэрыторыі? Максімальна складана", — тлумачыць украінскі амбудсмен у інтэрв'ю інфармагенцтву "Укрінформ".

Паводле яго звестак, расіяне пастаянна складаюць новыя спісы вывезеных дзяцей, якіх ужо даставілі на тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей і далей павязуць праз Беларусь у Расію. На думку Лубінца, на тэрыторыі Беларусі часова могуць знаходзіцца цяпер тысячы ўкраінскіх дзяцей.

Таксама Лубінец кажа, што Украіна мае дакладную інфармацыю пра ўдзел Беларусі ў вывазе расіянамі з тэрыторыі Украіны палонных украінскіх вайскоўцаў. Амбудсмен удакладняе, што на цяперашні час звестак пра такіх палонных у Беларусі няма, але раней іх перамяшчалі праз тэрыторыю Беларусі, і гэта пацверджана.

Раней пра масавы вываз украінскіх дзяцей праз Беларусь заяўляў былы "вагнеравец" Ігар Салікаў, які пагадзіўся даць сведчанні Міжнароднаму крымінальнаму суду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі