Расія рыхтуецца да новага наступу вясной-летам, а Украіна без зброі

Украіне патрэбнае ўзбраенне, каб адбіць расійскі наступ.

Украіне патрэбнае ўзбраенне, каб адбіць расійскі наступ. / @SerhiyNaiev

Ва Украіны заканчваюцца боепрыпасы, а Расія рыхтуецца да чарговага наступу ў траўні-чэрвені. Такія трывожныя прагнозы гучаць з вуснаў заходніх журналістаў і ваенных экспертаў.

Украінскае кіраўніцтва хоць і не дэманструе паражэнчых настрояў, але таксама ўжо адкрыта кажа, што ваяваць няма чым — Расія пераўзыходзіць і ў колькасці войска, і ў колькасці снарадаў.

Гэтыя заявы можна было б спісаць на перабольшанне: маўляў, прасі ў чатыры разы больш, калі хочаш атрымаць палову. І на жаданне націснуць на Кангрэс ЗША, які ўсё ніяк не згаджаецца раскашэліцца на дапамогу Украіне. Але рэальнасць блізкая да агучаных фактаў.

"Я вам прывяду адзін прыклад — вельмі просты. На Трыпольскай станцыі. А ад яе залежыць святло ў Кіеўскім рэгіёне. Ляцела 11 ракет. Першыя сем мы збілі. Чатыры знішчылі Трыполле. Чаму? Таму што было ракет — нуль. У нас скончыліся ўсе ракеты, якія абаранялі Трыполле", — заявіў Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю PBS.

Расія плануе новы наступ

Financial Times са спасылкай на ўкраінскіх і заходніх чыноўнікаў, імёны якіх не раскрываюцца, піша пра планы Крамля на буйнамаштабны наступ. Ён можа ахапіць тэрыторыі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Наземная аперацыя можа разгарнуцца ў канцы вясны ці пачатку лета.

Да лета Расія цалкам акупуе Данбас?

Тыдзень таму галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі адзначыў, што сітуацыя на Усходнім фронце абвастрылася. Расія актывізавала наступ і "перыядычна дабіваецца тактычных поспехаў".

Праўда, ён тут жа абверг чуткі, што вораг прарываў украінскую абарону.

Пра тое, што Расія будзе даціскаць Данбас, кажуць і замежныя ваенныя эксперты. І першая стратэгічная мэта — Часаў Яр.

Гэта мястэчка за 17 км ад акупаванага Бахмута і за 30 км ад Краматорска. Менавіта ў яго кірунку прасоўваюцца акупанты. Сырскі заяўляў, што Крэмль паставіў мэту захапіць Часаў Яр да 9 траўня.

Россия готовится к новому наступлению весной-летом, а Украина без оружия
Крэмль збіраецца прасоўвацца ўглыб да Канстанцінаўкі / deepstatemap

Украінскае выданне Hromadskie тлумачыць, што ў гэты населены пункт, у якім засталося каля 700 жыхароў і які зазнае бясконцыя абстрэлы, Расія ўчапілася з дзвюх прычын. Першая — гэта горад на ўзвышшы і плацдарм для далейшага прасоўвання ўглыб. Другая — гэта буйны транспартны вузел, які, зноў жа, адкрывае шляхі на Славянск і Краматорск. Менавіта яны стануць наступнымі мэтамі Расіі.

Як піша амерыканская газета Politico, захоп Часава Яра дасць расіянам перспектыву ўзяць пад кантроль усю Данецкую вобласць.

Харкаў — мара Пуціна?

Прэзідэнт Зяленскі ў інтэрв'ю Axel Springer называў і іншую вялікую мэту Пуціна — Харкаў, першую сталіцу Украіны.

"Я думаю, што першай мэтай расійскага наступу сёлета будзе прарыў на Данбасе. Але позіркі расійскіх вайскоўцаў будуць прыкаваныя і да Харкава, які знаходзіцца прыкладна за 29 кіламетраў ад расійскай мяжы, і гэта галоўны прыз",кажа ў інтэрв'ю ВВС былы галоўнакамандуючы Аб'яднанымі сіламі Вялікабрытаніі, генерал Рычард Бэранс.

Мэта — не захапіць тэрыторыі, а зламаць баявы дух?

"Гэты [расійскі] наступ не прывядзе да канчатковага спынення канфлікту, незалежна ад таго, як ён пойдзе для кожнага з бакоў", — каментуе ВВС старшы навуковы супрацоўнік Каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI) доктар Джэк Уотлінг.

Яго стратэгічнай задачай можа быць проста зламаць баявы дух Украіны. Вядома, папраўкі ў гэты сцэнар можа ўнесці заходняя дапамога, на якую Кіеў так спадзяецца.

У адным эксперты згаджаюцца: Пуцін адмаўляцца ад нападу на Украіну не будзе. І разлічвае акурат на тое, што ЗША і Еўрасаюз не змогуць своечасова і ў дастатковым аб'ёме даць Украіне ўзбраенне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі