Расія ўводзіць пошліны на імпарт кветак з Беларусі
Расія ўводзіць пошліны на імпарт кветак з Беларусі. У Маскве спадзяюцца, што расійскі федэральны бюджэт атрымае дадатковыя 2,5 млрд рублёў за год. Новаўвядзенне ў сераду анансавала спікер Савета Федэрацыі РФ Валянціна Матвіенка.
"Вясна — жанчыны чакаюць кветкі, — цытуе словы Матвіенкі ТАСС. — Мы прайшлі паўдарогі. Дзякую Міністэрствам фінансаў і сельскай гаспадаркі. Што зрабілі? Увялі, нарэшце, пошліны на кветкі з Беларусі".
Спікер заклікала чыноўнікаў аддаць гэтыя дадатковыя грошы на падтрымку расійскіх кветкаводаў.
Год таму ў Расіі пісалі пра ценявы беларускі бізнес, які прыносіць яго ўладальнікам $300 млн штогод. Гаворка ішла ў тым ліку і пра кантрабанду кветак з нашай краіны. Адзначалася, што з 2018 года Беларусь была асноўным пастаўшчыком кветак у РФ (50% імпарту). Асноўнымі рээкспарцёрамі кветак з Беларусі на той момант з'яўляліся структуры, падкантрольныя бізнесменам, блізкім да ўладаў краіны.
Праблемай рээкспарту кветак з Беларусі ў Расію ўстурбаваліся на самым высокім узроўні ў Маскве ў пачатку вясны сёлета. Сітуацыю вырашана было аператыўна "стабілізаваць". Гэтага патрабавала тая ж Валянціна Матвіенка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.