Расія заяўляе, што будзе вяртаць знешнія пазыкі ў расійскіх рублях
Расія не адмаўляецца ад сваіх абавязкаў па дзяржаўнай пазыцы, але плаціць будзе ў расійскіх рублях — пакуль не будуць размарожаныя яе знешнія актывы. Пра гэта сёння заявіў міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў.
Такая сітуацыя — калі плаціць фактычна ёсць чым, але краіна з нейкіх прычынаў не хоча гэтага рабіць ці прапануе непрымальныя ўмовы пагашэння сваіх пазыкаў — называецца "тэхнічны дэфолт".
Нагадаем, блізу $300 млрд ад золатавалютных рэзерваў Расіі захоўваліся па-за межамі краіны. Яны былі замарожаныя пасля ўвядзення расійскіх войскаў ва Украіну ў межах санкцый, якія ўводзяцца супраць расійскай эканомікі.
Біржавы курс расійскага рубля з таго часу ўпаў амаль у два разы. Наўрад ці арганізацыі, якія пазычалі Расіі грошы ў доларах, еўра і юанях, пагодзяцца на тое, каб у адказ прымаць нестабільную валюту, становішча якой пагаршаецца з кожным днём таргоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.