Расіяне ўдарылі па вайсковай ВНУ Палтавы: больш за 50 загінулых

Наступствы ракетнага ўдару па Палтаве 

Наступствы ракетнага ўдару па Палтаве  / фота з сацсетак

Зранку 3 верасня расійскія войскі атакавалі Ваенны інстытут сувязі ў Палтаве, перадае hromadske.ua.

У Мінабароны паведамілі, што ўдар быў нанесены дзвюма балістычнымі ракетамі. Пры гэтым час паміж абвяшчэннем трывогі і прылётам ракет быў настолькі малы, што людзі не паспелі яшчэ эвакуявацца ў бамбасховішча.

Цяпер вядома пра больш за 50 загінулых і каля 200 параненых.

Зранку інфармацыі пра наступствы абстрэлу не было. Начальнік Палтаўскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Філіп Пронін толькі папярэдзіў, што на тэрыторыі Дзіканьскай абшчыны і Крамянчукскага раёна будуць адбывацца тэхнічныя выбуховыя работы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што акрамя вайсковай ВНУ пацярпела суседняя бальніца. У выніку абстрэлу людзі апынуліся пад заваламі, але многіх удалося выратаваць.

"Я даручыў правесці поўнае і аператыўнае расследаванне ўсіх абставінаў таго, што здарылася. Прыцягнутыя ўсе неабходныя службы да выратавальнай аперацыі. Я ўдзячны кожнаму і кожнай, хто з першых хвілін пасля траплення дапамагае людзям, хто ратуе жыцці", — дадаў Зяленскі.

Па словах начальніка Палтаўскай АВА Філіпа Проніна, многія жыхары рэгіёна здаюць кроў, каб дапамагчы параненым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі