Расіянін, які расстраляў гомельскага таксіста, атрымаў 22 гады пазбаўлення волі
Расіянін, які расстраляў гомельскага таксіста, атрымаў 22 гады пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Таксама на карысць пацярпелай (жонкі загінулага) будзе спагнаная матэрыяльная шкода ў 1 тысячу рублёў і маральная ў 50 тысяч. Такое рашэнне 30 лістапада вынес Гомельскі абласны суд, інфармуе БелаПАН.
Злачынства было ўчыненае 16 сакавіка сёлета. 40-гадовы жыхар Гомеля, супрацоўнік "Таксі 155 Альфа", паехаў на працу на аўтамабілі "Форд-Гэлаксі". Праз гадзіну ён па тэлефоне паведаміў жонцы, што едзе дахаты, і знік. Праз два дні цела мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі ў лесе каля вёскі Сасноўка. Неўзабаве быў затрыманы 37-гадовы грамадзянін Расіі, жыхар Гомельскага раёна. Высветлілася, што таксіста ён застрэліў з рэвальвера, які купіў раней на рынку ў Падмаскоўі.
Падчас следства абвінавачваны прызнаўся ў злачынстве. На судзе ён казаў, што забіў таксіста i завалодаў яго аўтамабілем, грашыма, мабільным тэлефонам, планшэтам, наборам інструментаў, навігатарам (усяго на 24 тысячы рублёў), але зрабіў гэта спантанна. Першапачаткова ён не хацеў забіваць. Грошы яму былі патрэбныя на будаўнічыя матэрыялы. Расіянін, ураджэнец Татарстана, служыў з 1999-га па кантракце на Паўночным Каўказе, але адмовіўся ў судзе адказаць на пытанне, ці браў удзел у баявых дзеяннях. З беларускай, жыхаркай Сасноўкі, ён пазнаёміўся праз інтэрнэт і пераехаў да яе, пара зарэгістравала шлюб. У 2014 і 2015 гадах у іх нарадзіліся дзеці. Раней мужчына быў судзімы за крадзеж, атрымаў умоўны тэрмін.
Жонка забітага таксіста Алена заявіла журналістам, што хацела б больш суровага пакарання для забойцы свайго мужа. Яна згодная з пазіцыяй абвінавачання, якое прасіла для абвінавачанага 25 гадоў строгага рэжыму. Маці забітага заявіла, што яны хацелі б смяротнага пакарання для забойцы, але не патрабавалі гэтага на судзе. Прысуд яшчэ не набыў законнай сілы.