Расіянін з Сібіры ішоў праз Беларусь ва Украіну
Расіянін з Сібіры ішоў праз Беларусь ва Украіну. 14 жніўня беларускія памежнікі яго затрымалі ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці — спрацаваў сігнальны комплекс. Парушальнік не дайшоў да мяжы 500 метраў. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, грамадзянін Расіі трапіў у нашу краіну з далёкага Ніжневартаўска (гэта Ханты-Мансійская аўтаномная акруга). Ён сказаў, што збіраўся трапіць на Украіну, паколькі там нарадзіўся.
У тым жа Столінскім раёне быў затрыманы грамадзянін Украіны, які нелегальна прыйшоў з Ровенскай вобласці збіраць ягады і грыбы. У Воранаўскім раёне ў 30 метрах ад мяжы беларускія памежнікі злавілі 54-гадовага грамадзяніна Літвы. Ён таксама прыйшоў на збор ягад і грыбоў. Яшчэ аднаго парушальніка мяжы затрымалі ў Гомельскім раёне. 41-гадовы мужчына нелегальна прыйшоў з Украіны, каб наведаць сваякоў. Замежнікам пагражае дэпартацыя з забаронай наведвання Беларусі на розныя тэрміны і буйныя штрафы.