Расійскія СМІ: Лукашэнка мусіць ехаць на парад у Маскву
Бо калі не паедзе, яго будуць успрымаць у Расіі “інакш, чым цяпер”.
Расійскія СМІ адрэагавалі на ўчорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, што 9 траўня ён не паедзе ў Маскву на парад Перамогі. На расійскім прапагандысцкім рэсурсе Lifenews з'явіўся артыкул, названы “Эксперты: Лукашэнка звяртаецца да хітрых адгаворак”.
У матэрыяле прыводзіцца меркаванне палітолага Багдана Бяспалькі, дырэктара Цэнтра украіністыкі і беларусістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Ён лічыць, што нежаданне Лукашэнкі прыехаць на парад у Маскву — гэта “сімвалічны акт: і сігнал Захаду, і спроба не сапсаваць адносіны з Масквой”.
“Калі ў 2005 годзе ў Расіі адзначалася 60-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Аляксандр Лукашэнка паспеў і на парадзе ў Маскве пабываць, і прыняць свой уласны парад у Мінску”, — нагадвае Бяспалька.
Ён мяркуе, што калі беларускі лідар не зможа “выкруціцца з сітуацыі”, то “на расійскім узроўні яго стануць ўспрымаць інакш, чым цяпер”. Бо “многія з яго прамоў не знаходзілі годнай рэакцыі ні ў расійскіх СМІ, ні ў розумах расійскіх палітыкаў”.
У якасці варыянту вырашэння праблемы Бяспалька прапануе Аляксандру Лукашэнку “прызначыць чалавека, якому не сорамна даручыць прыняць Парад Перамогі ў Мінску 9 траўня”, а самому паехаць у Маскву.
Нагадаем, што ўчора, 18 красавіка ў часе рэспубліканскага суботніка Лукашэнка заявіў, што не паедзе ў Маскву на Дзень Перамогі. 9 траўня ён збіраецца быць у Мінску і прымаць парад да 70-годдзя Перамогі. Кіраўнік Беларусі патлумачыў, што прымаць ваенны парад можа толькі галоўнакамандуючы, якім з'яўляецца ён. Па яго словах, у Беларусі будзе такі ж парад, як і ў Маскве.
Разам з тым, беларускі кіраўнік не выключае, што наведае Маскву 7-8 траўня.
Фота: president.gov.by