Расійскага бізнесоўца застрэлілі з арбалета
Арбалет / pixabay.com
Уладальніка расійскай "Мясной імперыі" Вячаслава Муругава знайшлі мёртвым у ягоным доме ў падмаскоўнай Істры. Ён быў застрэлены з арбалета, паведамляе ТАСС са спасылкай на прадстаўніцу Галоўнага следчага ўпраўлення СК па Маскоўскай вобласці Вольгу Врадзій.
У ноч на панядзелак у лазню, размешчаную на ўчастку бізнесоўца, праніклі людзі ў масках. Яны звязалі гаспадара дома і яго жонку і пачалі патрабаваць грошы.
Жанчыне ўдалося ўцячы. Яна выклікала міліцыю, але да моманту прыезду праваахоўнікаў яе муж ужо быў мёртвы.
"Падчас агляду месца здарэння следчымі і крыміналістамі канфіскаваны арбалет, з якога быў застрэлены мужчына", — расказалі ў расійскім СК.
Машыну, на якой з'ехалі злачынцы, пазней знайшлі ў адной з навакольных вёсак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.