Расійскага журналіста абвясцілі ў вышук у Беларусі

Ілля Даўлятчын

Ілля Даўлятчын / currenttime.tv

У Беларусі крымінальную справу пачалі на расійскага журналіста Іллю Даўлятчына. Яго вінавацяць у "спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці" і абвясцілі ў міждзяржаўны вышук, піша тэлеграм-канал "Можем объяснить".

Крымінальную справу на Даўлятчына пачало УУС Гомельскай вобласці. Па выстаўленым абвінавачанні яму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі. Справа звязаная з удзелам журналіста ў ток-шоу "План: Б" тэлеканала "Белсат". У Беларусі гэты тэлеканал прызнаны "экстрэмісцкім аб’яднаннем", а ў Расіі — "непажаданай арганізацыяй".

25 лістапада 2024 года імя Даўлятчына трапіла ў базу вышуку МУС Расіі. У аналагічнай беларускай базе ён не згадваецца. Даўлятчын не з’яўляецца грамадзянінам Беларусі.

Адвакаты журналіста паведамілі ў Інтэрпал пра палітычны характар пераследу.

Ілля Даўлятчын — журналіст-расследавальнік, вядоўца штотыднёвай праграмы "Можем объяснить". Раней ён супрацоўнічаў з такімі расійскімі выданнямі, як "Собеседник", "Вёрстка", "Росбалт", тэлеканалам "Дождь". У лістападзе 2023-га Мінюст Расіі унёс яго ў рэестр "замежных агентаў".

Ток-шоу "План: Б" выходзіла ў эфір на "Белсаце" з 2022 года. Апошні сезон завяршыўся ў траўні 2024 года. Удзел у гэтай праграме быў пастаўлены ў віну блогерцы Вользе Павук падчас завочнага суда над ёй. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі