Расійскі амбасадар пацвердзіў, што Беларусь не плаціць прэмію нафтавым кампаніям
Беларусь сапраўды не плаціць расійскім нафтавым кампаніям прэмію за пастаўку нафты. Пра гэта амбасадар Расіі Дзмітрый Мезенцаў распавёў у інтэрв'ю TUT.by.
Раней прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас казаў, што Беларусь купляе нафту ў Расіі па 4 долары за бараль. Мезенцаў прызнаўся, што наконт цаны нафты не ведае. "Па выніках звароту прэзідэнта Беларусі да рэгулятара і нафтавых кампаніяў выключана прэмія. Гэта значны паказчык, а мы не ўмеем пра гэта сказаць, а часам не хочам", — падкрэсліў ён.
Па словах Мезенцава, гэтым Расія дэманструе свой намер захаваць стратэгічныя інтарэсы на беларускім рынку.
Разам з тым ён згадаў, што Масква аказала афіцыйнаму Мінску вялікую фінансавую падтрымку: "Не хачу называць вам тыя лічбы, якія характарызуюць аб'ём той падтрымкі, дэ-факта фінансавай падтрымкі, якая была аказаная эканоміцы Беларусі Расіяй. Гэта не ў дакор, ні ў якім разе, і не ў прэтэнзію, гэта проста факты, якія трэба памятаць і ўлічваць".
Што да цаны на газ, якую напярэдадні папрасіў знізіць Аляксандр Лукашэнка, то Мезенцаў упэўнены: падпісаныя кантракты трэба выконваць. Згодны з дакументамі, Беларусь пагадзілася на больш высокую цану на газ, чым зараз склалася на сусветных рынках.
Дарэчы, сёння ж просьбу Лукашэнкі наконт зніжэння цаны на газ пракаментаваў і Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна. Ён паведаміў, што гэтае пытанне будзе прапрацоўвацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.