Расійскі гісторык: Георгіеўская стужка толькі ўносіць блытаніну

120508 GasparjanS.mp3

Еўрарадыё: Ці карэктна выкарыстоўваць колеры георгіеўскіх кавалераў у кантэксце перамогі СССР у ІІ Сусветнай вайне?

Армэн Гаспаран: Вы задаеце вельмі правільнае пытанне, але корань праблемы тут нават не ў колерах, а ў назве. Георгіеўскі статут быў скасаваны пасля рэвалюцыі 1917 года. Мы ведаем, што большасць георгіеўскіх кавалераў у час грамадзянскай вайны ваявала на баку белых войскаў. Адпаведна, сваіх традыцый вайскоўцы прытрымліваліся ўжо ў эміграцыі: у Парыжы, у Белградзе, у Сафіі гуртаваліся філіялы Таварыства Георгіеўцаў. У гады ІІ Сусветнай вайны ў Савецкім Саюзе быў заснаваны Ордэн славы – на той самай георгіеўскай стужцы, з тымі ж колерамі. Гэта быў найвышэйшы ордэн за праяву воінскай смеласці для ніжэйшых чыноў, для салдат. Яго не маглі атрымаць генералы, не маглі атрымаць палкоўнікі, яго не маглі атрымаць дырэктары прадпрыемстваў, як гэта нярэдка здаралася ў Савецкім Саюзе. Галоўная праблема, што калі б арганізатары назвалі сваю акцыю “Стужка славы” – не было б ніякай праблемы. Цяпер жа сітуацыя дастаткова дзіўная, бо вялікая колькасць георгіеўскіх кавалераў была ў т. зв. Рускім корпусе, які ваяваў на Балканах і належаў да Вермахту. Многа георгіеўскіх кавалераў было ў шэрагах арміі генерала Уласава, у казацкіх утварэннях. Георгіеўскіх кавалераў, якія ваявалі на баку Савецкага Саюза, было крыху меней. На маю думку, арганізатары акцыі, ідучы за добрай мэтай, папулярызаваць памяць пра ІІ Сусветную вайну – зрабілі вялікую памылку, не даследаваўшы сутнасць пытання. У гэтым і ёсць праблема. Калі б гэта называлася “Стужка Ордэна славы”, ці проста “Стужка славы”, або калі б яны выкарысалі проста чырвоную стужку (бо сцяг перамогі, што развіваўся над Рэйхстагам быў чырвоны) – было б яшчэ прасцей. Яны ж, на жаль, назвалі гэта “Георгіеўскай стужкай”, чым увялі некаторых гісторыкаў, якія займаюцца гэтай праблемай, у нейкі стан тупіковасці. Як тлумачыць гэта простаму чалавеку, грамадству – пакуль не надта зразумела. Хаця, прайшло ўжо шэсць год з пачатку акцыі.

Еўрарадыё: Вядома, колеры трэба пакінуць, узяць гістарычна праўдзівую назву, а што будзе далей? Усё забудзецца, ці безвыходнае становішча застанецца, і трэба будзе шукаць нейкія новыя сімвалы?

Армэн Гаспаран: Вы ведаеце, гісторыя гэта будзе цягнуцца і надалей. На жаль, пэўная база ведаў, закладзеная ў Савецкім Саюзе, працягвае развівацца. У нас казалі: забудзьцеся пра ўсё, што адбывалася да 1917-га года. Вось людзі і забыліся. Таму Георгіеўская стужка ўспрымаецца, як такое “ноў-хаў” – стужка Ордэна славы. У нас у Расіі зусім нядаўна быў адноўлены Ордэн святога Георгія, адноўлены статут узнагароды – штосьці ўсё ж такі прасоўваецца наперад. Аднак, мне здаецца, што  “рэбрэндынг” акцыі “Георгіеская стужка” нічога добрага не прынясе, бо яна настолькі прывучыла ўсіх да сваёй назвы, да нейкіх сваіх складнікаў, што будзе толькі чарговая блытаніна.

Еўрарадыё: Калі мы ўзгадалі ўжо георгіеўскіх кавалераў ды ўласаўцаў – то ці была ІІ Сусветная вайна на тэрыторыі СССР грамадзянскай?

Армэн Гаспаран: Гэта яшчэ цяжэйшае пытанне, бо на яго немагчыма знайсці адзінага адказу. З аднаго боку, маюць рацыю тыя, хто кажа, што не было другой грамадзянскай вайны, бо вайна ішла на вынішчэнне народаў, якія жылі на тэрыторыі СССР. З другога боку – так, сапраўды. Падчас ІІ Сусветнай вайны былі эпізоды, калі “рускія” забівалі “рускіх” (“рускія”, як акрэсленне ўсіх грамадзянаў Савецкага Саюза). Так, адназначна – гэта эпізоды, характэрныя для грамадзянскай вайны. Але ёсць тут вельмі важны момант, пра які часта хочуць забыцца. Узгадаем перш-наперш колькасць людзей, якія прайшлі праз савецкую армію і колькасць людзей, якія апынуліся ў фарміраваннях калабарацыяністаў. Лічбы непараўнальныя, бо гэта 35 мільёнаў супраць мільёна дзвесце, улічваючы ўсіх. Другое: папулярна казаць, што падобных выпадкаў не было ў Еўропе, таму на тэрыторыі СССР была грамадзянская вайна. Але ў працэнтных адносінах жыхароў СССР колькасць калабарацыяністаў такая ж як і ў Бельгіі, у Францыі. Гэта вельмі важны нюанс, пра які, на вялікі жаль, у гэтай палеміцы (яна ідзе не сярод гісторыкаў, а збольшага ў інтэрнэце) людзі проста забываюцца. Таму карціна выходзіць такая, крыху крывая. Калі ўлічваць усе факты, але мець на ўвазе менавіта тую спецыфіку, у якой ішла вайна – ні аб якім элеменце грамадзянскай вайны гаворка ісці не можа.

На Фота: Армэн Гаспаран, ваенны гісторык, журналіст, радыёвядучы, аўтар гістарычнай кнігі "Операция "Трест": Советская разведка против русской эмиграции. 1921-1937 гг"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі