Расійскі вайсковец здаў украінцам танк за ўзнагароду
Расійскі вайсковец здаў украінскім байцам танк за ўзнагароду. Пра гэты выпадак расказаў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Віктар Андрусіў.
Нацыянальная паліцыя, па яго словах, ужо некалькі тыдняў ідэнтыфікавала тэлефоны, якімі карыстаюцца расіяне ва Украіне. На гэтыя ўкраінскія нумары МУС Украіны рэгулярна дасылае смс з інструкцыяй, як здацца ў палон і здаць тэхніку.
Некалькі дзён таму з аднаго з такіх нумароў затэлефанаваў хлопец, які назваўся Мішам. Яму прызначылі месца, куды пад'ехаць. "Ён пад'ехаў. З дрона пераканаліся, што ён адзін і гэта не засада. Пасля гэтага яго затрымалі спецназаўцы. Аказалася, што з экіпажа танка застаўся ён адзін, астатнія ўцяклі дадому", — распавядае Андрусіў.
Хлопец не бачыў сэнсу далей ваяваць, а дадому вярнуцца не мог, баючыся, што яго расстраляюць.
Андрусіў паведаміў, што Міша знаходзіцца ў камфортных умовах. Да таго ж яму выплацяць пасля вайны 10 тысяч долараў і дадуць магчымасць падаць дакументы на грамадзянства Украіны. "Да завяршэння вайны ён будзе пражываць у камфортных умовах з тэлевізарам, тэлефонам, кухняй і душам", — заяўляе дарадца міністра.
Як адзначае hromadske.ua, дзяржаўны канцэрн "Украбаронпрам" абвясціў прэмію ў 1 мільён долараў за скрадзены або трафейны расійскі ваенны самалёт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.