Расійскія добраахвотнікі прыйшлі ў Белгарад. Беларускія прыйдуць у Пінск?

Абмяркоўваем прарыў расійска-ўкраінскай мяжы з украінскім ваенным экспертам Аляксандрам Каваленкам / Еврорадио 
Абмяркоўваем прарыў расійска-ўкраінскай мяжы з украінскім ваенным экспертам Аляксандрам Каваленкам / Еврорадио 

Аляксандру Лукашэнку можна пакуль не баяцца прарыву мяжы ў раёне беларускага Палесся, лічыць ваенны эксперт з Украіны Аляксандр Каваленка.

У візіту расійскіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, ёсць сэнс: яны паказалі, што расійская мяжа — "дзіравая". Даказваць, што беларуская мяжа — таксама дзіравая, сэнсу няма, бо і сумневу ў гэтым таксама няма, лічыць Каваленка.

А вось адміністрацыі Бранскай, Курскай і Белгародскай абласцей не змогуць выдыхнуць цягам усяго лета, лічыць суразмоўца Еўрарадыё.

— Лета на носе, усё будзе квітнець і пахнуць. І такія ўмовы спрыяюць правядзенню рознага кшталту дыверсійных дзеянняў партызанскага тыпу. Сезон спрыяе: да канца верасня гэтая тэма будзе актуальная.

Курская, Бранская, Белгародская вобласці пра сябе яшчэ нагадаюць. Я больш чым упэўнены, што цягам лета будуць прадаўжацца дыверсійна-разведвальныя дзеянні грамадзян Расіі, якія збіраюцца змагацца з пуцінскім рэжымам.

 

Што даказаў візіт добраахвотнікаў у Белгародскую вобласць?

Мы звязаліся з жыхарамі Белгародскай вобласці і спыталі: як вы? Некалькі чалавек прызналася: у іх раёне "гучна".

— Чуў, як бухала дзесьці за кіламетр ад майго дома — страляніна са стралковага. І хтосьці ўвесь час крычаў "Свабоду Расіі ад крамлёўскай хунты". На гэты момант не ведаю, што па сітуацыі. Сам спалохаўся і з'ехаў з горада.

Российские добровольцы пришли в Белгород. Белорусские придут в Пинск?
З перапіскі з жыхарамі вобласці

Аляксандр Каваленка прызнае: лозунгі Легіёна і Рускага добраахвотніцкага корпуса накшталт "Ідзём на Белгарад" варта ўспрымаць як іронію.

— Задача была ў тым, каб прадэманстраваць, наколькі дзіравая расійская мяжа. Наколькі глыбока, нягледзячы на лініі абароны, нягледзячы на гэтыя "зубы цмока" [супрацьтанкавыя ўмацаванні на мяжы. — Еўрарадыё] могуць заходзіць невялікія мабільныя падраздзяленні. І тут узнікае пытанне: а калі б гэта былі не невялікія падраздзяленні на лёгкабраніраванай колавай тэхніцы, а паўнавартасныя танкавыя кулакі?

Украіну расійская прапаганда заўсёды пазіцыянавала як "ворага нумар адзін". Украіну дэманізавалі. І нацысты-сатаністы там, і галубамі ды жураўлямі яны вірусы распаўсюджваюць, і ўварванне ў Расію рыхтуюць. Лагічна, што мяжу з такой краінай трэба максімальна ўзмацніць! Але мяжа дзіравая. І ўзнікае пытанне: а чаму?

Адзіны адказ — ды таму, што няма рэсурсу. Усе сілы і сродкі Расіі сканцэнтраваныя ў зоне баявых дзеянняў і на часова акупаваных тэрыторыях. У самой Расіі — недахоп рэсурсу. Нават калі пачаліся падзеі ў Белгарадзе, рэакцыя сілавых структур была настолькі павольнай і немаштабнай, што гэта кінулася ў вочы.

Не стварылі групы хуткага рэагавання, якая разгарнула б тэрміновую аперацыю. Толькі пад вечар у вобласці пачалі з'яўляцца адзінкавыя расійскія БМП. То-бок да таго моманту, калі пачалі наносіцца нейкія ўдары, прайшлі гадзіны. За гэты час на аператыўным узроўні многае магло змяніцца. Гэтыя дыверсанты ўжо маглі б пад Белгарадам стаяць — калі б захацелі.

 

Каму сігнал?

Калі настолькі не абароненая мяжа з "галоўным ворагам", з настолькі дэманізаванай краінай, як Украіна, то што адбываецца на мяжы з іншымі краінамі?

— У Расіі каласальная мяжа з Кітаем. У выпадку з Украінай гаворка ідзе пра 700 кіламетраў агульнай мяжы, якую яны не кантралююць. А што казаць пра тысячы кіламетраў з Кітаем? А што казаць пра мяжу з Казахстанам, з Манголіяй?

Российские добровольцы пришли в Белгород. Белорусские придут в Пинск?
Расійска-украінская мяжа / Jack No1

Адсутнасць рэсурсу ў Расіі настолькі відавочная, што гэта бачаць усе. Гэта бачаць не толькі нашы заходнія партнёры, якіх Расія таксама дэманізуе. Гэта бачыць і Кітай. Расія зганьбілася па поўнай, і гэта каласальны рэпутацыйны ўдар, наступствы якога яна ніяк не зможа кампенсаваць.

 

А Лукашэнка бачыць?

Каваленка не лічыць, што беларускім памежнікам варта падрыхтавацца да сустрэчы з каліноўцамі, бо ў вылазцы ДРГ у гэтым кірунку цяпер проста няма сэнсу.

— У правядзенні такога кшталту акцый я не бачу сэнсу — ні тактычнага, ні стратэгічнага. Бо акцыя, праведзеная ў Белгарадзе, не толькі дэманстратыўная. Расіяне перапалохаліся і сцягваюць цяпер сваю трэцюю мотастралковую дывізію назад, на тэрыторыю Расіі. То-бок аслабляюць сваю групоўку ў Луганскай вобласці. І нам гэта выгадна.

А калі падобная акцыя адбудзецца ў Беларусі? Гэта неяк зменіць сітуацыю ў самой зоне баявых дзеянняў? Ды не.

Даказваць, што беларуска-ўкраінская мяжа для ДРГ — настолькі ж лёгкая перашкода, як расійска-ўкраінская, таксама няма сэнсу.

— У Расіі там дваццаць пяць батальённа-тактычных груп — і іх не хапіла. А на мяжы Беларусі з Украінай усяго каля трох батальённа-тактычных груп.

Беларусь у прынцыпе ў вельмі дзіўнай сітуацыі. Расія — краіна-агрэсар. Яна ўварвалася ва Украіну з мэтай захопу тэрыторый. Беларусь у гэтым плане выконвала выключна намінальную функцыю транзітнай краіны.

Так, праз Беларусь праходзілі расійскія войскі, так, выкарыстоўвалася паветраная прастора і палігоны Беларусі. Але ў цэлым беларускае войска не брала ўдзелу ва ўварванні. Беларусь выглядае нават як закладніца сітуацыі. Калі б яна не дала свае тэрыторыі, то, магчыма, была б захопленая расійскімі войскамі цалкам, ад усходу да захаду.

І не выключана, што рэжым Лукашэнкі змяніўся б рэжымам яшчэ больш марыянеткавага прадстаўніка Расіі, які ні перад чым бы не спыніўся і перадаў бы Беларусь пад кантроль расійскіх генералаў. А з улікам таго, як расійскія генералы ставяцца да сваіх салдат, беларускіх яны наогул за людзей бы не лічылі і адпраўлялі на вайну як жывое мяса.

З іншага боку, я не сумняваюся, што беларусы, якія ваявалі ў складзе Сіл абароны Украіны, будуць адчуваць жаданне вярнуцца на радзіму і змяніць палітычную сітуацыю ў краіне тымі метадамі, у якіх яны маюць досвед. І я не выключаю, што пасля заканчэння вайны ва Украіне можа мець месца вось такі сцэнар. Асабліва калі мяжа практычна не кантралюецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі