Расійскую незалежную журналістку Юлію Латыніну аблілі фекаліямі
На расійскую журналістку выдання “Новая Газета” Юлію Латыніну напалі ў Маскве — невядомы абліў жанчыну фекаліямі. Па факце гэтага інцыдэнту паліцыя пачала праверку, паведамляе ВВС. Паводле інфармацыі прэс-службы маскоўскай паліцыі, зарэгістраваная адпаведная заява.
Латыніна напісала пра гэты інцыдэнт у сацыяльных сетках. Яна сцвярджае, што нападнікі, імаверна, сачылі за ёй доўгі час і дакладна ведалі, што яна паркуе машыну ў некалькіх кіламетрах ад рэдакцыі радыястанцыі “Эхо Москвы”.
Журналістка не называе імя чалавека, які, на яе думку, можа стаяць за нападам, аднак заяўляе, што інцыдэнт можа быць звязаны з яе нядаўнімі матэрыяламі ў “Новой Газете”.
У сваёй перадачы “Код доступу” яна таксама заявіла, што здарэнне можа быць связанае з іншымі нападамі на расійскіх апазіцыянераў, якіх было ўжо каля паўтара дзясятка. Гаворка ідзе пра напады ў Санкт-Пецярбургу на людзей апазіцыйных поглядаў, але не настолькі публічных, каб гэтымі выпадкамі зацікавілася шырокая грамадскасць.
Усе гэтыя людзі былі згаданыя ў “чорным спісе” з болей як 800 крытычна настроеных да расійскай ўлады людзей — спісы выкладваюцца на сайтах “Кто есть Кто?” і “Викиблогер”.