Расію зноў прапануюць адхіліць ад Алімпіяды
Адхіліць Расію ад міжнародных спаборніцтваў на чатыры гады рэкамендуе камітэт па адпаведнасці Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), піша "Новая газета".
Канчатковае рашэнне плануецца прыняць на пасяджэнні WADA у Парыжы 9 снежня. У выпадку станоўчага рашэння на Алімпіядзе ў Токіа ў 2020 годзе расійскія спартсмены будуць вымушаныя другую Алімпіяду запар выступаць пад нейтральнымі сцягамі і без гімна.
Камітэт WADA рэкамендаваў усім падпісантам свайго зводу правілаў ужыць аналагічныя меры. У пералік гэтых арганізацыяў уваходзіць, напрыклад, Міжнародная федэрацыя футбола (FIFA). Калі FIFA пагодзіцца з рэкамендацыяй, Расію могуць зняць з чэмпіянату свету 2022 года.
Акрамя таго Расіі на чатыры гады забароняць прымаць міжнародныя гульні і нават падаваць заяўкі на іх правядзенне.
Камітэт WADA заяўляе, што расійскае антыдопінгавае агенцтва (РУСАДА) не адпавядае міжнародным стандартам. Гэтае пытанне ў міжнародным агенцтве пачалі разглядаць яшчэ ў верасні, калі эксперты выявілі, што ў базу даных праверкі спартоўцаў, якія маскоўская лабараторыя перадала ў студзені, былі ўнесеныя змены. У WADA кажуць, што ім удалося выявіць імёны ўсіх спартоўцаў, чые даныя былі змененыя ў расійскіх базах. У РУСАДА заяўляюць, што не атрымлівалі ніякіх апавяшчэнняў пра гэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.