Раварыст, які загінуў у Брэсце, раней быў "злосным парушальнікам"
Мужчына 8 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
У Брэсце на вуліцы Суворава ўчора ўвечары адбылося трагічнае здарэнне. 29-гадовая дзяўчына на VW Touran на левай паласе дарогі збіла раварыста. Як паведамляла Еўрарадыё, непрацуючы 45-гадовы брэстаўчанін загінуў на месцы.
Жанчына ехала у бок вуліцы Кобрынскай. Аварыя адбылася пасля таго, як кіроўца легкавіка пачала апярэджваць маршрутны аўтобус, які ехаў справа. Па словах жанчыны, нечакана з-за аўтобуса перад ёй паўстаў раварыст, які пераязджаў на процілеглы бок дарогі — справа налева. Зрэагаваць кіроўца не паспела.
Як паведаміла Еўрарадыё начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды Брэсцкага абласнога ДАІ Наталля Сахарчук, жанчына-кіроўца да адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху раней не прыцягвалася. А вось загінулы мужчына прыцягваўся неаднойчы і як пешаход, і як раварыст.
Сахарчук: "Ён прыцягваўся да адказнасці 8 разоў. Чатыры разы цвярозым і чатыры разы парушыў у стане алкагольнага ап'янення".
Па факце дарожна-транспартнага здарэння працягваецца праверка.
Фота — realbrest.by