Рэчы каліноўца Лазоўскага перадалі ў Нацыянальны музей гісторыі Украіны
Міраслаў Лазоўскі / старонка Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Фэйсбуку
У Нацыянальны музей гісторыі Украіны перадалі рэчы загінулага ў Бахмуце беларускага добраахвотніка Міраслава Лазоўскага, паведамляецца на Фэйсбук-старонцы музея.
"Міраслаў Лазоўскі ўсё жыццё выступаў за незалежнасць Беларусі, а таксама абараняў незалежнасць Украіны. Памяць пра героя Беларусі і Украіны будзе вечнай", — гаворыцца ў паведамленні музея.
Сярод іншага былі перададзеныя футболка і нарукаўная павязка Лазоўскага, яго берцы і тактычныя акуляры. Таксама экспанатамі музея сталі сцяг палка імя Кастуся Каліноўскага, нашыўкі беларускіх добраахвотніцкіх батальёнаў, нарукаўныя знакі палка Каліноўскага ды інтэрнацыянальнага палка, бронекамізэлька аднаго з загінулых каліноўцаў.
Лазоўскі і яшчэ чацвёра каліноўцаў загінулі 17 траўня ў Бахмуце. Развітанне з ім адбылося ў Кіеве.
У сакавіку 2023 года Міраслаў Лазоўскі разам з яшчэ 21 байцом палка Каліноўскага атрымаў медаль БНР за баявыя заслугі. У чэрвені Рада БНР пасмяротна ўзнагародзіла яго Ордэнам Жалезнага рыцара.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.