Рэканструкцыя Чырвонага касцёла не пачынаецца праз "недапрацаваную дакументацыю"
Аляксандр Румак (справа) на прэс-канферэнцыі
Рэканструкцыя Чырвонага касцёла не пачынаецца праз "недапрацаваную дакументацыю". У дзяржаўнай экспертызы былі заўвагі да прапанаванага праекта. Працы пачнуцца, калі будзе атрыманае "станоўчае заключэнне". Пра гэта заявіў упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, паведамляе smartpress.by.
Гарадскія ўлады абяцалі пачаць будаўнічыя работы ў першым квартале 2024 года. Ужо заканчваецца другі квартал, і нічога не мяняецца.
Касцёл святых Сымона і Алены апячаталі пасля невялікага пажару, які адбыўся напрыканцы верасня 2022 года ў дапаможных памяшканнях. Чыноўнікі заявілі, быццам далейшая эксплуатацыя будынка небяспечная і там неабходна правесці рамонт.
Чырвоны касцёл размяшчаецца ў цэнтры Мінска, каля Дома ўрада. Ён з'яўляецца адным з сімвалаў сталіцы. Неагатычны будынак быў узведзены ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча. У 1990-я гады будынак не вярнулі католікам, але перадалі ў бясплатнае карыстанне. У 2013-м храм быў замацаваны на праве гаспадарчага вядзення за КУП "Мінская спадчына".
Сталічныя чыноўнікі раней казалі, што рашэнне аб аднаўленні дзейнасці касцёла будзе прынятае пасля заканчэння яго рэканструкцыі. А пакуль парафіяльная дзейнасць супольнасці Чырвонага касцёла адбываецца ў Архікафедральным саборы на плошчы Свабоды, 9.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.