Рэпетытар па хіміі на тэставанні: На такі тэст трэба 4 гадзіны, а не 2

Настаўнік, выпускніца і рэпетытар здаюць цэнтралізаванае тэставанне. Наступная — Вольга Лагунова, рэпетытар па хіміі. З тэстам па сваім прадмеце яна спраўляецца за дзве гадзіны.

Аўдыторыя

Я здавала тэставанне ў Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Першае ўражанне — усё добра арганізавана, але шмат людзей у аўдыторыі і даволі душна.

У асноўным у аўдыторыі былі школьнікі. Было і некалькі старэйшых, але зусім "дзядуляў" не было. Калі заходзяць у саму аўдыторыю, то ў школьнікаў, вядома, вялікія вочы. Здаецца, нічога такога — пашпарт паказаць, але баяцца чамусьці. Пара заўваг была ў самым пачатку, калі раздавалі заданні, абітурыенты спрабавалі паглядзець гэтыя заданні, а гэтага нельга рабіць, пакуль у камісіі не дадуць старт экзамену.

Заданні

Я скончыла за пяць хвілін да канца і не перарывалася ні на секунду. А тэст ідзе дзве гадзіны. Можа, адвыкла ўжо, але па часе складана ўкласціся. Да заданняў прэтэнзій няма, розначытанняў, нестыковак не заўважыла. Перад тэставаннем я глядзела заданні з папярэдніх экзаменаў, за мінулыя гады. Вось там мне некаторыя заданні не падабаліся. Але адных школьных ведаў на гэтае тэставанне не хопіць. Абмежаванне па часе і вялікі аб'ём вылічэнняў — гэта цяжка. На такі тэст трэба гадзіны чатыры.


У цэлым, заданні грунтуюцца на школьнай праграме. Але вось узровень глыбіні заданняў... Мне здаецца, нават для профільных класаў гэта было б цяжка. Каб добра здаць, трэба сур'ёзна рыхтавацца гады два. Па хіміі ж сур'ёзная праграма. Калі вельмі актыўна рыхтавацца адзін год, можна нядрэнна здаць.

Напэўна, я магла недзе памыліцца ў тэсце. Разлічваю, што балаў 90 са 100 набяру.

Абітурыенты

Першы чалавек выйшаў з аўдыторыі праз пяць хвілін. У чым сэнс, не ведаю, можа, гэты хлопец проста для галачкі прыйшоў. І такіх было шмат, напэўна, нават не спрабавалі заданні зрабіць. Прайшлі частку А, дзе крыжыкі трэба ставіць, і ўсё.

Еўрарадыё апублікуе вынікі тэставання ўсіх трох "абітурыентаў", якія прайшлі тэсты па нашай просьбе. А апошні "абітурыент" — выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта — напіша тэставанне па англійскай мове 25 чэрвеня.

Настаўнік на тэставанні: У адным заданні падыходзілі і працяжнік, і коска

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі