Рэпетытар: У школе 16 вучняў ідуць на хакей і толькі 4 застаюцца на ўроку
Аляксей Васілеўскі пра тое, чаму школьнікі не хочуць вучыцца, але маюць добрыя адзнакі, пра дрэнныя падручнікі і цяжкасці паступлення.
Аляксей Васілеўскі — рэпетытар па фізіцы і матэматыцы з 10-гадовым стажам, былы школьны настаўнік, з якім судзіўся Інстытут кантролю ведаў за публікацыю рашэнняў задач з рэпетыцыйнага тэставання. Рэпетытар расказвае, як правільна рыхтавацца, здаваць тэставанне і куды пасля паступаць.
Падрыхтоўка да паступлення
Няма ўніверсальнага рэцэпта. Ёсць тыя, каму хапае паўгода падрыхтоўкі. А ёсць дзеці, якім трэба рыхтавацца з 9 класа. Усё залежыць да таго, дзе чалавек вучыўся, як дапамагалі бацькі. Вельмі важны ўдзел бацькоў, пачынаючы з 1 класа. Дзеці ж глядзяць на іншых і бачаць, што адукацыя не заўжды гарантуе добрае жыццё. Напрыклад, глядзяць на настаўнікаў, якія шмат працуюць, доўга вучыліся і бачаць, што іх адукацыя не надта дапамагае. З-за слабай матывацыі да вучобы ў дзяцей, бацькі мусяць дапамагаць рабіць урокі, абмяркоўваць. Схадзіць на бацькоўскі сход, пагаварыць з настаўнікамі. Калі я працаваў у школе, да мяне проста так пагаварыць пра дзецей прыходзілі толькі пару разоў. І гэта былі бацькі добрых вучняў. На жаль, такіх зацікаўленых бацькоў — адзін з паралелі.
А вось у 11 класе яны пачынаюць біць у званы: не навучылі. Па большасці прадметаў бацькі могуць дапамагаць, накіроўваць. Ідэальны вучань — гэта той, хто мае мінімальны набор ведаў, але пры гэтым хоча вучыцца. Я сутыкаўся з сітуацыяй, калі паралельна прыходзяць два вучні. Адзін нічога не ведае, але разумее, што шмат прапусціў, яму трэба ісці наперад. І да канца года ён вывучваецца. Бывае наадварот. Моцны вучань з добрай гімназіі, але нічога рабіць не хоча. Галоўнае, каб вучань разумеў, што яму гэта трэба, а не маці з татам.
Трэба займацца кожны дзень, па гадзіне, паўтары. На жаль, у школе сёння заняткі — другасная справа. Дзеці прывыклі, што ім ставяць адзнакі за наведванне тэатра, кіно, музея, а не за рэальныя веды. Толькі траціна дзяцей рэальна займаецца. У школе я даваў 10 хвілін у канцы ўрока на самастойную працу. Адразу казаў, што адзнакі ставіць не будуць. І было цікава падлічыць, хто рэальна займаецца. Была нават сітуацыя, калі прыходжу на ўрок, а там 4 чалавекі. Астатнія 16 пайшлі на хакей, а 4 чалавекі пажадалі застацца.
Таксама пытанне да падручнікаў. Дзеці іх не разумеюць. У школе я даваў канспект. А з падручніка толькі некаторыя задачы. Справа у тым, што падручнік мусіць пісаць калектыў аўтараў. І яго напісанне мусіць быць асноўнай працай у аўтараў. А ў нас, на жаль, не так.
Тэставанне
Нізкія балы на тэставанні — вынік таго, як вучаць у школе. Але ёсць і тыя, хто прыходзіць на тэставанне пагуляць у марскі бой. Яны таксама псуюць статыстыку. Я прааналізаваў першы этап рэпетыцыйнага тэставання па фізіцы. 20 задач з 30 па фізіцы рашаліся ў адно дзеянне. Дастаткова было прачытаць умовы, здагадацца, з якога раздзелу па фізіцы задача, узгадаць формулу і падставіць туды лічбы. Калі ў школе вучань проста слухаў настаўніка, чытаў падручнік, вучыў формулы, то ён набярэ 40-45 балаў са 100.
Дарэчы, ніхто не ведае, як у Інстытуце кантролю ведаў лічаць балы. Не разумею, што замінае Інстытуту кантролю ведаў пасля тэставання паказаць якія задачы абітурыент зрабіў правільна, а якія не. Таксама пытанне з рэпетыцыйным тэставаннем. Тэмы па матэматыцы, якія вучні яшчэ не праходзілі, не ўключаюцца ў тэставанне. Першы этап праводзіцца ў верасні, там няма яшчэ лагарыфмаў, якія пакуль не прайшлі у 11 класе. А па фізіцы ёсць тэмы, якія вучні пакуль не праходзілі. Здаецца, адно і тое ж тэставанне, але падыход да прадметаў розны.
Я з гэтай нагоды звяртаўся ў Інстытут кантролю ведаў. Але яны адказалі, што фізіку здаюць таксама выпускнікі мінулых гадоў. І ўсё. У нас часта здараецца такая сітуацыя. Звяртаешся ў Інстытут кантролю ведаў, а табе адказваюць кшталту “сам дурань”.
Наогул, на рэпетыцыйным тэставанні выпускнікам варта глядзець на тэмы, якіх яны не ведаюць, каб пасля вывучыць. Я выкладваў рашэнні ўсіх задач на рэпетыцыйным тэставанні ўжо два гады. За гэта Інстытут кантролю ведаў і падаў на мяне ў суд. Давялося ўнікнуць у закон “Аб аўтарскім праве”. Суд прыняў маю пазіцыю і адмовіў РІКВу. Цяпер яны зноў падалі скаргу, і будзе слуханне ў гарадскім судзе. Іх прэтэнзія: нельга рашаць іх задачы. Яны сцвярджаюць, што так я раблю сабе рэкламу. Але доказаў жа ў іх няма.
Пры гэтым тэставанне — усё ж лепшы спосаб экзаменаў. Раней былі праблемы, шукалі рэпетытараў толькі з ВНУ, куды збіраецца паступаць абітурыент. Цэнтралізаванае тэставанне вырашыла гэтую праблему. Тым больш, тэсты сталі больш простымі, гэта бачна па колькасці стобальнікаў, якіх стала значна больш.
На каго паступаць
Большасць тых, хто добра здае фізіку і матэматыку, ідуць у айцішнікі, бо там добры заробак, кар’ера. Але я некаторым сваім вучням раю паступаць у педагагічны. Настаўнікі старой загартоўкі, з савецкіх часоў, сыходзяць. Новыя не прыходзяць, многія сыходзяць у рэпетытары. Адсюль пытанне, а хто пасля будзе вучыць дзяцей, калі ўжо ніхто не захоча працаваць? Калі глядзець на 10-15 гадоў наперад — усё можа змяніцца. У дзяржавы не застанецца нічога, апроч таго, каб забяспечыць настаўніка нармальным заробкам. У Мінадукацыі часта думаць, як павысіць прэстыж прафесіі настаўніка. Ды ўсё проста. Чаму ў айцішніка прэстыжная прафесія? Бо нармальны заробак. І яны баяцца яго згубіць. Таму настаўнікам трэба не на 15% павышаць заробак, а ў тры разы. І тады прэстыж вырасце, і чалавек будзе трымацца за сваё месца ў школе, будзе сапраўды вучыць дзяцей. Але тут трэба і ад бюракратыі пазбаўляцца, ад усіх лішніх паперак, якія вымушаны пісаць настаўнік. Тады усё ў адукацыі будзе добра, нават рэпетытары не будуць патрэбныя.
Падача дакументаў
Дзеці здалі тэставанне — атрымалі сертыфікаты. У апошні дзень яны бегаюць ад універсітэта да ўніверсітэта з пытаннем, куды падаць дакументы. Мы ж у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій жывем! Паступленне можа адбывацца праз камп’ютар. Ёсць адзіная база дадзеных абітурыентаў. У залежнасці ад набранай сумы балаў, выстройваецца рэйтынг. Трэба стварыць партал, з усімі ступенямі абароны ад узлому, дзе абітурыент можа ўвесці дадзеныя з пашпарта і запоўніць анкету. Там ён піша, куды хоча паступаць. На выбар ён піша 10 розных ВНУ і спецыяльнасць, якую ён хоча. Пасля камп’ютар выстройвае гэтыя ВНУ па прыярытэце. Напрыклад, спачатку КСІС ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Калі ў яго бал дазваляе — праходзіць. Калі не, сістэма глядзіць, куды ён можа патрапіць са сваімі баламі. Такая сістэма ўжо не першы год працуе ў БДУІРы. Незразумела, чаму яе не могуць увесці паўсюль. Бо абітурыент, які мае 250 балаў, а гэта нядрэнны бал, ідзе вучыцца на платнае. Пры такой сістэме не трэба будзе друкаваць бланкі, не трэба будзе, каб ва ўніверсітэтах працавала вялікая колькасць людзей. Усё зробіць машына.
Фота: Еўрарадыё