Абаронцы Курапатаў спыняюць дыскусію з КХП-БНФ
Але гатовыя да супрацы з Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ у справе абароны ўрочышча.
Такую заяву прыняла адноўленая грамадская ініцыятыва "За ўратаванне мемарыялу Курапаты". Пра гэта Еўрарадыё распавёў гісторык Ігар Кузняцоў, даследчык сталінскіх рэпрэсій.
Кузняцоў: "Прынятае рашэнне — у дыскусію з Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй не ўступаць да нармалізацыі адносінаў у краіне".
Нагадаем, што ўчора гісторык выклікаў у Курапаты міліцыянтаў. Нагодай стала разбурэнне падмурка ад помніка расстраляным афіцэрам польскага войска. Сам помнік быў усталяваны і асвечаны 29 кастрычніка, але прастаяў менш за суткі — яго скралі невядомыя. 7 лістапада Кузняцоў і журналісты пабачылі, як сябры КХП-БНФ выносяць на сметнік рэшткі ад падмурку. З гэтай нагоды гісторык напісаў заяву ў міліцыю.
Кузняцоў: "Заяву магу працытаваць даслоўна. "Прашу правесці следчыя дзеянні ў адносінах факту разбурэння падмурка пад помнік". Вось даслоўна тое, што я прашу. Я не вінавачу нікога, але яны на месцы былі. Іх апытвалі — тых людзей, якія з рыдлёўкамі там былі. ўсё гэта на відэа і фота ёсць".
Адказ на заяву Кузняцова міліцыя мусіць даць на працягу 10 дзён.
Фота — lit-bel.org