Адам Глобус правёў ноч з удзячнымі чытачамі
І паспрабаваў іх напалохаць непрыдуманымі і прыдуманымі жахамі.
“Ён дастае касцет і мы пачынаем біцца. І так як ён з касцетам, то мне трэба было яго біць моцна. І так моцна яго біў, што падалося, быццам забіў”, — так папулярны беларускі літаратар Адам Глобус расказваў пра тое, як у маладосці ледзьве не забіў чалавека. Забіць не забіў, але ў выніку напісаў верш, на які потым Кася Камоцкая напісала песню і зрабіла яе хітом — “Божа, забяры маё жыццё”.
“Начаваў” Адам Глобус з трыма дзесяткамі чытачоў у кнігарні “логвінаЎ”. Гэткім незвычайным чынам прэзентуючы сваю новую кніжку “Крутагорскія казкі”. У кнізе пісьменнік сабраў прыдуманыя жахлівыя гісторыі з жыцця сталіцы і ваколіцаў. А “крутагорскімі” іх назваў таму, што сям’я глобусава паходзіць з-пад Дзяржынска. Старая назва горада — Койданава — мастаку-літаратару не падабаецца. Таму і назваў казкі па самай першай назве мясцовасці — Крутагор’е.
Праўда, чытанне казак начных аматараў творчасці Глобуса цікавіла менш, чым размовы пра жыццё. Чытачы, што паселі на падлозе кнігарні, у цемры распытвалі літаратара пра жыццё і краіну. А Глобус гаварыў, што паразумнеў і вяртаецца да метафар.
Адам Глобус: “Я магу сказаць, што я паразумнеў, памудрэў. Досведу паднабраўся. Расчараваўся ў жорсткасці. Зараз час нейкі іншы. Тады падавалася, што трэба ў лоб ісці. Цяпер вяртанне да нейкіх метафар. Іншы час”.
Што да саміх жахлівых глобусаўскіх казак, то яны зусім на аматара. Дзецям такіх не пачытаеш. Слухачы ўгледзелі ў кароткіх тэкстах сляды кітайскай, французскай і шмат яшчэ якіх іншых культур. Вось, напрыклад, урывак з казкі пра папяровую ляльку ў выкананні пісьменніка Паўла Касцюкевіча. Мяркуйце самі, ці будзеце такое чытаць дзіцю на ноч.
“Рабочы падняўся на вежу, адарваў ад сцяны плінтусавую дошку і дастаў адтуль шэрую ляльку.
“Ты — стары скнара. Усё жыццё спадзяваўся, што ты мастак ашаленны. Лайно ты на дошцы, а не мастак. Сапраўдны мастак — я. Бо магу з простай абгортачнай паперы зрабіць ляльку, якая зладзіць табе такія танцы з музыкай, што галава адарвецца”.
Імпрэза закончылася далёка за апоўнач. І хоць Глобусу яўна хацелася усіх прысутных напалохаць, яны збольшага весяліліся. Усё ў нас, беларусаў, не так. З жахаў смяемся, з жартаў плачам.