Алімпійская чэмпіёнка: Білборды дадалі б матывацыі
Але з’явяцца яны, хутчэй за ўсё, толькі пасля Алімпіяды. А пакуль Мінск балее за хакейнае “Дынама” і за хакеістаў, якія ў клубе ўжо не гуляюць.
“Алімпійцы” на гэта не крыўдзяцца. Хоць і прызнаюцца, што білборды сталі б стымулам. Еўрарадыё прыгадвае інтэрв’ю былога футбаліста Аляксандра Хацкевіча, калі той тлумачыць, чаго не хапае для поспехаў беларускім футбалістам. Білбордаў на вуліцах!
Аляксандр Хацкевіч: “Калі мы з Бялькевічам прыехалі ва Украіну ў 1996-м годзе, у кожным горадзе на цэнтральнай вуліцы віселі білборды з надпісамі: “Наша мэта — трапіць на чэмпіянат Еўропы”. Не траплялі на чэмпіянат Еўропы — новыя плакаты: “Наша мэта — трапіць на чэмпіянат свету”. У выніку зборная трапіла на чэмпіянат свету”.
Два месяцы да Алімпіяды, а ў Мінску можна пабачыць хіба што рэкламу хакейнага клуба “Дынама”, які зараз у адпачынку. Ніводнага ўдзельніка Гульняў! Нават футбольнай зборнай няма!
Старшыня Дырэктарату нацыянальных каманд Мінспорту Андрэй Фомачкін мяркуе, што плакаты з выявай беларускіх алімпійцаў з’явяцца. Калі — не ўдакладняе.
Андрэй Фомачкін: “Я за тое, каб гэты было. Ідзе шырокая праграма ў СМІ па спартоўцах, рыхтуецца фільм. Канешне, будзем пазіцыянаваць сваіх спартоўцаў, каб яны пазнавальнымі былі ў шырокага гледача, балельшчыка. І каб кожны наш грамадзянін мог пазнаць іх у твар”.
У Нацыянальным алімпійскім камітэце Еўрарадыё кажуць, што білборды са спартоўцамі звычайна з’яўляюцца... пасля Алімпіяды.
НАК: “Як правіла, білборды з’яўляюцца ўжо пасля Алімпійскіх гульняў. З новымі тварамі, новымі рэкардсменамі, новымі імёнамі. Але ў прынцыпе гэтае пытанне павінна быць разгледжана бліжэйшым часам на паседжанні выканкама”.
Старшыня Беларускай федэрацыі веславання Аляксандр Грыгараў лічыць, што прасоўванне беларускага спорту мусіць адбывацца круглы год. Зараз Аляксандр Грыгараў знаходзіцца ў Швейцарыі, дзе захапляецца рэкламай мясцовых спартоўцаў.
Аляксандр Грыгараў: “Да чаго мусіць імкнуцца дзіцё? Яно хоча стаць чэмпіёнам, якога ён не бачыў! Каб ён мог дакрануцца да Мядзведзя, Шчэрбы, Карстэн. Вось паглядзі, якія гэта людзі, як яны выглядаюць, прыгожыя твары”.
Бронзавы прызёр Пекінскай алімпіяды ў штурханні ядра Андрэй Міхневіч не можа вырашыць, каго з алімпійцаў рэкламаваць, бо кожнага не атрымаецца.
Андрэй Міхневіч: “Рэкламаваць усю алімпійскую зборную не хопіць горада, калі плакатамі абвешваць. Думаю, няма такой неабходнасці. Думаю, гэта будзе накладваць нейкі адбітак на спартоўцаў. Каго вывешваць? Вось каго выбраць з каманды ў 150 чалавек? Патэнцыйных медалістаў? А будзе ён медалістам ці не? Вось пройдзе Алімпіяда, кожны атрымае сваё”.
Алімпійская чэмпіёнка ў кіданні молата Аксана Мянькова рада бы трапіць на білборды чэмпіёнкай Лондану. А калі такія білборды з’явяцца зараз, яны могуць дадаць матывацыі.
Аксана Мянькова: “Значыць, пэўна, не хочуць нас вешаць. А рэклама спартоўцаў патрэбна. Канешне, гэта дае стымул”.
Нагадаем, да Алімпійскіх гульняў ў Лондане засталося крыху менш за 2 месяцы. Яны распачнуцца 27 ліпеня.
Білборд з выявай алімпійскай надзеі Батсваны Амантле Монцхо (Фота: nytimes.com)