Аляксандр Лукашэнка перайначыў алімпійскі дэвіз
Галоўнае не ўдзел у Алімпіядзе, а перамога.
З такой заявай кіраўнік Беларусі выступіў на ўрачыстых праводзінах беларускіх спартоўцаў на ХХХ летнія Алімпійскія гульні ў Лондане.
Лукашэнка: "Ужо зусім хутка ў сталіцы Вялікабрытаніі запаліцца алімпійскі агонь, які абвесціць пра пачатак галоўных спаборніцтваў планеты.Чатыры гады таму ў Пекіне беларускія атлеты хоць і не выканалі абяцанае, але прадэманстравалі высокі ўзровень майстэрства, заваяваўшы два дзясяткі медалёў. Гэта дазволіла Беларусі ўвайсці ў дваццатку вядучых спартыўных дзяржаваў свету. Так, удзельнічаць добра, але галоўнае не ўдзел, а перамога. Вось вам мой наказ ад імя беларускага народу".
Лукашэнка адзначыў, што ў Лондане беларускія спартоўцы будуць змагацца ў першую чаргу за прэстыж роднай краіны. Бо спорт, па яго словах, гэта вельмі высокі ўзровень дыпламатыі.