Анатоль Горбач: Бяда нашых музыкаў у тым, што яны капіруюць Захад

Першая частка размовы:

120720 BackStage 1.mp3

Другая частка размовы:

120720 BackStage 2.mp3

Трэцяя частка размовы:

120720 BackStage 3.mp3

Еўрарадыё: Анатоль, вы ўжо даўно жывяце ў Бельгіі, а як часта наведваеце радзіму? Гэты візіт працоўны ці гасцявы?

Анатоль Горбач: Гасцявы! Да бацькоў, да сяброў, проста краіну ўбачыць. Я прыязджаю амаль кожны год, а часам і два разы. Часам прыязджаю па запрашэнні музыкаў пайграць разам на нейкіх юбілеях, некалькі гадоў таму з “Крамай” я выступаў у КЗ ”Мінск” разам з Мікалаем Аруцюнавым.

Еўрарадыё: То бок можна сказаць, што тыя старыя стасункі з музыкамі засталіся? Вы да гэтага часу з імі супрацоўнічаеце?

Анатоль Горбач: Сябры — яны ж на ўсё жыццё застаюцца. А ўсе мае сябры — гэта музыкі, творчыя людзі..

Еўрарадыё: Дык а чаму ж тады было вырашана з’ехаць з краіны ў свой час?

Анатоль Горбач: Гэта было не спантанна. Я прайшоў дастаткова вялікую музычную школу жыцця ў Беларусі і вырашыў сам для сябе, што хачу паспрабаваць свае сілы на Захадзе. То бок я вырашыў з’ехаць разам са сваёй сям’ёй, дзецьмі і лічу, што ў мяне гэта нядрэнна атрымалася. Было складана, але на Захадзе нічога лёгкага не бывае. Каб там стаць музыкам, трэба ведаць мовы, як мінімум англійскую і французскую, гэта калі збіраешся жыць ды працаваць у Бельгіі, Францыі, Галандыі… Ну, і трэба быць маральна падрыхтаваным да таго, каб акунуцца ў гэты свет, бо Захад, ён у гэтым сэнсе вельмі жорсткі, там свае межы… Музычнае жыццё там зусім іншае, іх шоў-біз вельмі адрозніваецца ад нашага!

Еўрарадыё: Чым адрозніваецца?

Анатоль Горбач: Там трэба ўкладаць у музыку вялікія грошы, трэба заўсёды мець свае інструменты, нават на рэпетыцыю музыкі любога ўзроўню прывозяць з сабой інструменты, свой гук! Вельмі дарагія студыі, кошты даходзяць да 250-300 еўра за гадзіну, але гэта, безумоўна, якасць. Потым неабходна быць не падобным ні на каго, знайсці свой стыль. У наш час вельмі складана быць самім сабой у музыцы. На Захадзе, калі ты выконваеш каверы, то за гэта трэба плаціць, за аўтарства. Гэта заўважнае адрозненне ад Беларусі, музыкі там узятыя ў вельмі жорсткія межы. Пазітыўнае адрозненне — гэта больш магчымасцяў для прафесійнага развіцця. Можна набываць розную адукацыйную прадукцыю, нотную інфармацыю. Там вельмі шмат інструментаў: старых, новых, танных, дарагіх… Цэлая палітра для музыкаў…


Еўрарадыё: І ўсё ж, як зарабляць, калі ты музыка, але не Nirvana ў 1990-я?

Анатоль Горбач: Па-першае, каб зарабляць музыкай, трэба быць прафесіяналам. Калі такое пытанне ўзнікла, то пачну з таго, як там пачыналася мая кар’ера. Першы раз у Бельгіі я прыйшоў у музычную краму. Не памятаю, што набываў, але вырашыў пратэставаць ударную ўстаноўку. Літаральна праз пяць-дзесяць хвілін да мяне падышоў сур’ёзны мужчына, мы пазнаёміліся. На той час я ўжо даволі добра размаўляў на нідэрландскай, і ён мне прапанаваў прайсці кастынг для духавога і сімфанічны аркестра пры Антверпенскай кансерваторыі. Яны мне далі партытуру і літаральна на наступны дзень я адыграў тыя творы, якія яны мне прапанавалі. Пэўны час я працаваў як сесіёншчык у гэтым аркестры, даваў канцэрты па Бельгіі ды Галандыі.

У рок, блюз ды джаз я трапіў такім жа чынам. У музычнай месе, у горадзе Антверпен да мяне падышоў, як высветлілася, вядомы спявак, музыка ды тэлевядучы Джым Томас, які прапанаваў пайграць з ім некалькі канцэртаў, бо яго бубнач захварэў. Карацей, каб там граць, быць у тусоўцы, то трэба быць на галаву вышэй за астатніх. Тады ўзнікае шанец граць у гуртах.

Прафесійныя музыкі там граюць у трох-чатырох калектывах, гэтак жа, як і я, у розных напрамках: ад джазу, блюзу да року. У любым рэстаране, кавярні, клубе ёсць свая публіка, якая прызвычаілася да жывога гуку. На жаль, у Беларусі мы яшчэ да гэтага не дараслі, паняцце “адплывіце ад буйкоў” яшчэ застаецца. Неяк я зайшоў у ірландскі паб на чалавек 15, і там грала жывая музыка. Людзі разумеюць, што тут будзе гучна, а калі ёсць жаданне паразмаўляць, то трэба шукаць іншае месца…

Еўрарадыё: Не самае сціплае пытанне, але ці ўдалося вам ужо зарабіць на ўласны дом, студыю?..

Анатоль Горбач: Дом, натуральна, у мяне ёсць, я на яго зарабіў, а ў студыі няма патрэбы. Мы пішамся на прыватных студыях. Амаль у кожнага музыкі ёсць хатняя студыя, то бок гэта камп’ютар ды лічбавыя працэсары. У мяне таксама ёсць студыя.

Еўрарадыё: А як часта даводзіцца рэпетаваць, ці хапае часу на хатнія трэніроўкі?

Анатоль Горбач: Ведаеце, ёсць добрая прыказка: “Канцэрты замінаюць трэніроўкам”. Але я знаходжу хаця б гадзіну-дзве на дзень, каб пазаймацца. Што ж датычыцца рэпетыцый гуртом, то ў нас іх амаль няма. Мы займаемся самастойна, вучым праграму дома, кожны сам выбірае, ці запісаць на ноты, ці вывучыць яе на памяць. А перад канцэртам робім адну-дзве рэпетыцыі і выступаем. Час каштуе вялікіх грошай, таму рэпетыцыі вельмі абмежаваныя.

Еўрарадыё: У вас у Бельгіі ёсць нейкая свая музычная школа?

Анатоль Горбач: Так, я даю ўрокі і дзецям, і дарослым. Але гэта хутчэй не музычная школа, я даю прыватныя ўрокі пры студыі. Каб адкрыць сваю школу, патрэбен асобны будынак… А так у мяне 15-20 вучняў ва ўзросце ад 6 да 65 гадоў. Я быў вельмі здзіўлены тым, што там людзі на пенсіі ідуць вучыцца ў музычныя школы. Яны набываюць даражэзныя інструменты. Кларнеты, флейты, якія каштуюць ад пяці-шасці тысяч еўра. Сваім навучэнцам я даю тое ж, што калісьці давалі і мне ва Універсітэце культуры. Хоць я і лічу, што на бубнах навучыўся граць самастойна, але асобны шчыры дзякуй майму настаўніку Сяргею Мікалаевічу Лапташову, які паставіў мне тэхніку. Ён растлумачыў, як трэба граць на ўдарных, а не шумець, не перашкаджаць іншым. Калі ён мяне зараз чуе, то я вельмі рады перадаць яму прывітанне. Сяргей Мікалаевіч, хацелася б з вамі ўбачыцца! Будзьце здаровы!

Еўрарадыё: Ну, тады да гуртоў, у якіх вы граеце. Што за яны?

Анатоль Горбач: У асноўным гэта кавер-гурты, тое, за што плацяць грошы. Гэта музыка, якую круцяць па радыё. У Бельгіі па радыё гучыць 75% амерыканская і англійская музыка, 25% нацыянальная. У асноўным гэта хіты 1980-х гадоў. Таксама я граю ў PinkFloydTributeBand, мы выконваем праграму Роджэра Уотэрса, цалкам з такім жа святлом, гучаннем, выступаем на вялікіх пляцоўках. Гэта вельмі цікавае шоў з эфектамі, відэа… Таксама я граю з Юстам Вандэхуфтам. Гэта вядомы фламандскі спявак, кампазітар ды гітарыст. Адзіны праект, у якім мы граем свае творы.

Таксама мяне запрасіў папрацаваць у Германію мой стары калега Аляксандр Валаў, выпускнік нашага Універсітэта культуры, цудоўны, таленавіты гітарыст. Мы з ім працавалі ў Мінску на вялікіх пляцоўках. Зараз з намі там грае былы басісіт Ігара Талькова Марк Генкін. Гэта калектыў, які выконвае італьянскую музыку 1980-х гадоў. Вельмі цікавы праект. У мае планы ўваходзіць прыехаць з ім у Беларусь і выступіць. Але, на жаль, гэта ад мяне не залежыць, таму чакаем.

Еўрарадыё: А няма жадання стварыць уласны гурт, можа ўзяць у рукі мікрафон?

Анатоль Горбач: Мая дачка цудоўна грае на фартэпіяна і нядрэнна спявае. У бліжэйшы час мы, магчыма, выдадзім сумесны альбом. Але пакуль гэта планы, нават крыху таямніца. Таксама я планую выдаць свае музычныя класы ў выглядзе аўдыё- ды відэаматэрыялаў. Гэта будзе музычная школа, заснаваная не на базавых рытмах, а на рытмах для больш дасведчаных бубначоў, шмат полірытміі… Хачу гэтую школу прэзентаваць у Бельгіі, а таксама і ў Мінску. Пакуль вяду перамовы, спадзяюся ўсё гэта хутка з’явіцца.

Еўрарадыё: Ці цікавіцеся вы беларускім сучасным рокам? Можа з кім-небудзь сутыкаліся там? Можа якія нашы гурты там у фаворы, а мы не ведаем?

Анатоль Горбач: Шчыра, я вельмі дрэнна ведаю беларускі шоў-бізнэс, ніколі не чуў, каб беларускія гурты выступалі на Захадзе, але вельмі хацелася б. Я бачыў некалькі калектываў на YouTube, але называць іх не буду, каб вытрымаць нейкую прафесійную дыстанцыю. Але магу сказаць, што музычны ўзровень беларусаў у 1990-х гадах і зараз вельмі адрозніваецца. На мой погляд, тады быў больш прафесійны ўзровень выканання. Хоць і зараз ёсць добрыя калектывы.

Разумееце, тады выступалі гурты, якія мелі сваё аблічча. Бяда нашых сучасных музыкаў у тым, што яны капіруюць Захад. А там гэтага не трэба, там гэтага свайго хапае. Яны чакаюць ад нас чагосьці новага. Напрыклад, у 1990-х гадах з’явілася шмат гуртоў з этнічным уплывам: “Палац”, Kriwi, Ur’ia… Гэта было цікава для Захаду. А калі выконваць звычайны рок, блюз, няхай і якасна, то там будзе вельмі мала шанцаў, каб здзівіць іх.

Еўрарадыё: Калі ўзгадваць тое, што вы гралі з “Крамай” як раз у тыя часы, калі планаваўся запіс іх альбома ў Лондане, — шкада, што так і не атрымалася гэтага зрабіць. Але тады Захад “Крамай” вельмі цікавіўся. Можа ёсць думкі паспрабаваць прывезці іх у Еўропу і там пакатаць? І адначасова ці не сумуеце па тых часах?

Анатоль Горбач: Show must go on! Я да жыцця стаўлюся з вялікім аптымізмам. “Крама” была ў мінулым, RoubleZone — таксама. Трэба жыць далей і думаць пра будучыню, тым больш што ёсць і сілы, і жаданне, і маладосць. Безумоўн,а я вельмі хачу зрабіць для “Крамы” канцэрты ў Еўропе, але ўсё ўпіраецца ў грошы. Фінансавае пытанне — гэта галоўнае пытанне. Будзем спадзявацца, што калі-небудзь гэта атрымаецца, “Крама” вырвецца з гэтага тупіку і ўсё ў іх будзе добра!

Еўрарадыё: Натуральна, не магу не запытаць у вас як у чалавека, які даўно забыўся, што такое абмежаванні ў канцэртнай дзейнасці, у тэле-радыёэфірах і г.д., ці ведаеце вы пра беларускую сітуацыю і ці можаце гэта як-небудзь адкаментаваць?

Анатоль Горбач: Я ведаю пра ўсё і лічу гэта проста неразумным. Вы ж памятаеце 1970-я гады, калі ўсё забаранялася!? А ў выніку тыя гурты, якія былі забароненыя тады, зараз настолькі папулярныя, што… Напрыклад, Віктар Цой, “Машина времени” і зараз, да гэтага часу папулярныя! Забараняць мастацтва нельга, тым больш гурты “Крама”, “Палац” — гэта ж аблічча нашай краіны. Трэба гэтымі калектывамі ганарыцца, а не забараняць іх!

Еўрарадыё: Ну, і напрыканцы давайце зробім такую больш практычную параду-пажаданне ад Анатоля Горбача для маладых музыкаў, каб і тут чагосьці дасягнуць, і там таксама засвяціцца.

Анатоль Горбач: Павінен быць невычэрпны аптымізм. Калектывы развальваюцца, калі няма агульнага духу, музыкі мусяць быць сябрамі. І, натуральна, без матэрыяльнай падтрымкі мастацтвам займацца вельмі складана. Зараз патрэбен выдатны гук, я кажу пра выніковую прадукцыю. Я б хацеў, каб нашы спонсары больш дапамагалі музыкам. Каб у метро віселі постэры не маскоўскіх поп-зорак, а нашых музыкаў. Мы павінны любіць сваё, а не заходняе ці расійскае… у першую чаргу сваё! Сваіх музыкаў, свае гурты, якія гэтага заслужылі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі