Андрэй Юраў: “Мы даем парады расійскім уладам, а не іншым краінам”

Андрэй Юраў: 21 снежня адбылося першае паседжанне пры Савеце прэзідэнта РФ. Афіцыйна было зацверджана стварэнне працоўнай групы па абароне Правоў чалавека за мяжой. Калі мы агучвалі ідэю стварэння гэтай працоўнай групы, то казалі, што галоўны акцэнт будзе рабіцца на інфармаванне расійскай грамадскасці і ўладаў пра стан з правамі чалавека за мяжой, дзе ўсё не так добра. І расійскае грамадства як мінімум мусіць мець адзіную пазіцыю пра недапушчальнасць масавых парушэнняў правоў чалавека ў любых рэгіёнах. А нашых суседзяў з пачуцця салідарнасці мы мусім падтрымаць. Правааборонцы мусяць даваць расійскім уладам нейкія парады, нават, калі гэтыя парады не будуць пачутыя ці будуць праігнараваныя. Інтэграцыйныя працэсы не мусяць праходзіць толькі ў эканоміцы, пытанне абароны правоў чалавека таксама мусіць уздымацца. У прынцыпе, пярэчанняў таму, што трэба звярнуць увагу на постсавецкую прастору, выпрацаваць нейкую агульную стратэгію няма. Магчыма, будуць падпісанні нейкіх пагадненняў пра ўзаемным захаванні правоў чалавека. Мы ўлічваем, што Беларусь і краіны Цэнтральнай Азіі не ўваходзіць у Савет Еўропы, і на іх не распаўсюджваецца Еўрапейская Канвенцыя.

Еўрарадыё: Вы ўзгадалі, што Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы. Адной з прычын гэтага з’яўляецца тое, што ў нашай краіне існуе смяротнае пакаранне. Ці будуць праваабаронцы з Савету пры прэзідэнце РФ неяк дамагацца, можа, праз Уладзіміра Пуціна, каб у Беларусі быў уведзены мараторый на смяротнае пакаранне?


Андрэй Юраў: Ці можам мы паўплываць? Пытанне даволі складанае, але тое, што, менавіта, так мы будзем ставіць пытанне: увядзення мараторыя на смяротную кару ў Беларусі, гэта без сумневаў. Немагчымыя ніякія інтэграцыйныя працэсы ці свабодны абмен бізнэсу з краінамі, дзе парушаюцца правы чалавека. Гэта азначае, што любы расійскі грамадзянін, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, з’яўляецца абсалютна не ў роўных умовах у параўнанні з беларускім грамадзянінам, які знаходзіцца ў Расіі. Тут справа не толькі ў смяротным пакаранні, гэты і асноўныя фундаментальныя свабоды. Як бы там не было, у Расіі сітуацыя са свабодай слова нашмат лепшая, чым у Беларусі, ці са свабодай асацыяцый і сходаў.

Еўрарадыё: Можа ўзнікнуць пытанне, што ў Расіі ў самой ёсць праблемы з Правамі чалавека. Як вы лічыце, наколькі будуць аб’ектыўныя ацэнкі і кампетэнтныя парады з боку расейскіх праваабаронцаў? Ці не ператворыцца гэтая працоўная група па абароне правоў чалавека за мяжой у палітычны інструмент?


Андрэй Юраў: У дадзены момант, улічваючы склад групы, у якую ўвайшлі розныя людзі, падаецца, што наўрад ці так атрымаецца. Сярод удзельнікаў — вядомыя праваабаронцы, некаторыя дысідэнты яшчэ з савецкіх часоў. Больш за тое, мы на постсавецкай прасторы арганізоўваем розныя акцыі салідарнасці, у Беларусі ў тым ліку. Я не ўяўляю сабе працу групы, калі не будуць улічвацца меркаванні і ацэнкі вядомых незалежных праваабаронцаў з іншых краін. Я лічу, што расійскія праваабаронцы і эксперты не маюць ніякага маральнага ці прафесійнага права даваць камусьці парады, калі іх меркаванне не грунтуецца на экспертнай ацэнцы ад праваабаронцаў з тых краін, дзе парушаюцца правы чалавека. Але ж мы не даем парады іншым краінам, мы даем парады расійскім уладам, расійскаму грамадству, як ім ставіцца да таго, што брутальна парушаюцца Правы чалавека ў іншых краінах. Мабыць, гэта выклік, у першую чаргу, савецкай грамадзянскай супольнасці. Калі ўжо быць паслядоўнымі, то мусяць быць не толькі заклікі: “Хопіць карміць Каўказ!”, з чым я катэгарычна не згодны, але тады ж мусяць быць і заклікі: “Хопіць карміць дыктатараў, хопіць карміць таталітарныя рэжымы!”. Гэты мэсэдж не пачуты нават у грамадзянскай супольнасці. Напрыклад, літаральна цяпер адбываецца закрыццё вядучых апазіцыйных СМІ ў Казахстане, гэтыя падзеі мусяць атрымаць нейкі рэзананс. Але я не чуў, каб расійскіх праваабаронцы правялі прэс-канферэнцыю і заявілі пра тое, што гэта бязладдзе. Як можна з такімі краінамі бізнэс развіваць?

Еўрарадыё: Ці будзе працоўная група па абароне Правоў чалавека за мяжой ствараць спіс датычна амерыканскіх палітыкаў і чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд у Расію, як своеасаблівы адказ на “спіс Магніцкага” прыняты Кангрэсам ЗША? 


Андрэй Юраў: Створана асобная працоўная група ў Савеце, якая называецца “па справе Магніцкага і іншых рэзанансных справах” [ 37 – гадовы расійскі адвакат пасля скаргаў на ўзмацненне колікаў у жываце на працягу 5 дзён правёў апошнія гадзіны свайго жыцця ў маскоўскай турэмнай камеры толькі таму, што турэмны хірург прадпісаў псіхіятрычную экспертызу, а не медыцынскі дагляд]. Узначаліла яе вядомая правабаронца і эксперт Мара Фёдараўна Палякова, якую нельга абвінаваціць ў заангажаванасці з уладай. Што тычыцца адказу, быў бы дастойны адказ, калі б стварылі такі спіс у дачыненні да людзей, якія ўдзельнічалі ў катаваннях у амерыканскіх турмах. Адказ мусіць быць не палітычным, а праваабарончым. Калі мы кажам не пра двайныя стандарты, то давайце казаць пра смяротнае пакаранне у ЗША.

Еўрарадыё: Акрамя таго, што вы з’яўляецеся кіраўніком групы па абароне Правоў чалавека ў Савеце пры прэзідэнце РФ, таксама з’яўляецеся главой міжнароднай назіральніцкай місіі па Беларусі. Ці будзеце праз Уладзіміра Пуціна дамагацца таго, каб вам вярнулі права ўязджаць у Беларусь?


Андрэй Юраў: Безумоўна для мяне важна мець магчымасць прыязджаць у Беларусь, быць на сустрэчах, магчыма, і з прадстаўнікамі афіцыйнай улады ў Беларусі. Калі беларускія ўлады працягнуць мне няўезд у краіну, цяпер гэта будзе не толькі акт супраць праваабаронцы, але і аплявуха Расіі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі