Бацькоў Дзмітрыя Канавалава дагэтуль “ахоўваюць” (фота)
З бацькам ходзіць хлопец, які хавае свой твар пад капюшонам, а за домам назірае невядомы у спартовай куртцы.
120329 Svjardlou Kanavalau.mp3
Брат Дзмітрыя Канавалава Аляксандр, які разам з бацькам быў затрыманы пасля выбуху ў мінскім метро, з’ехаў з іх кватэры ў Віцебску.
“З імі жыў брат Канавалава. Але цяпер бацькі ўдвух засталіся жыць. У чатырохпакаёвай кватэры. А не, яшчэ сабака ў іх ёсць”, — ці то са спачуваннем, ці то з лёгкай зайздрасцю кажа мой суразмоўца Уладзімір Шмакаў. 77-гадовы пенсіянер з другога паверха — адзіны з суседзяў Канавалавых, які пагадзіўся паразмаўляць.
“Я толкам яго не ведаў. Ён быў такі… замкнёны. Спакойны. Пройдзеш — ціхенька пройдзе, павітаецца. Ціхі! Каб ён з кімсьці не тым павёўся… Але я такіх не ведаю”, — распавядае Уладзімір Шмакаў пра Дзмітрыя Канавалава.
Маркаўшчына — больш-менш спакойнае месца Віцебска. Тут жывуць пераважна людзі сталага веку. Маладыя ж з’язджаюць у больш прэстыжныя і дагледжаныя раёны.
Вуліца імя Стасава — недалёка ад дома, дзе жыў Дзмітрый Канавалаў
Вуліца, на якой выраслі Канавалаў і Кавалёў
На дзвярах кватэры Канавалавых няма нумара
Насупраць пад'езда, у якім жывуць Канавалавы, пачынаецца вёска
Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, пенсіянер час ад часу ўсё ж сутыкаўся з маладым чалавекам:
Уладзімір Шмакаў: “А вось гэтая іх “лабараторыя”, як пішуць у СМІ, — там пакойчык такі, стары яшчэ, метр дваццаць на метр дваццаць. Унізе, у падвале. Вось я неяк зайшоў бульбы набраць у свой падвал. І гляджу: сядзіць ён там, і музыка грае. І нічога толкам… і не падумаеш. Якраз пад маёй залай “лабараторыя” гэтая ў двукоссях. Клятушка…”
Пенсіянер не сумняваецца ў тым, што менавіта Канавалаў і Кавалёў і ёсць тыя самыя тэрарысты, якія зладзілі выбух у мінскім метро.
Уладзімір Шмакаў: “Раней я думаў: можа, яго падкупіў хто-небудзь. Пасля я думаў, што ў яго з галавой нешта не тое. А апынулася, проста… Нейкі апантаны”.
Шмакаў прыгадвае, як занёс бацьку Канавалава — майстру па гадзінніках — падкараціць на адно звяно бранзалет свайго наручнага гадзінніка. Той зрабіў вельмі хутка. “Яны таксама спакойныя. Бацька, нават калі быў нападпітку, ніколі не буяніў. Яны проста не дагледзелі… Але дзе ж ты там дагледзіш!”.
У дзвярах пад’езда сустракаюся з хлопцам, які хавае свой твар пад капюшонам. Праз пару хвілінаў у яго суправаджэнні з пад’езда выходзіць бацька Дзмітрыя Канавалава. За ўсім гэтым ад рогу суседняга дома назірае чалавек у спартовай куртцы. Я бачыў яго кожны раз, як выходзіў з пад’езда Канавалавых.
“Вось зараз я гляджу — пайшоў яго [Дзмітрыя Канавалава. — Еўрарадыё] бацька. А за ім гэты ахоўнік. Кожны дзень яны тут. Удвух, ды яшчэ з машынай. Навошта гэта?” — здзіўляецца пенсіянер. А маці Канавалава адразу ж адмаўляецца ад размовы са мной. Магчыма, не толькі праз жалобу па сыне, але і праз прысутнасць “ахоўнікаў”. Званю ў кватэру Канавалавых:
— Так.
— Добрай раніцы! Я Павел, журналіст з Мінска. Дазвольце ўвайсці, калі ласка!
— Прабачце. Да пабачэння!
Размовы з іншымі суседзямі не клеяцца. Добраахвотна ці не, але сям’я Канавалавых ператвараецца ў гарадскіх пустэльнікаў.
Галоўнае фота: gazeta.ua.
Астатнія фота — Еўрарадыё.