БЕГСТВО, ИЛИ ОСТОРОЖНО! ХРУПКОЕ!
Стваральнікі спектакля распавялі пра розніцу паміж танцорамі Беларусі і Германіі і пра тое, што ўбачаць мінчукі 26 сакавіка на прэм'еры праекта.
26 сакавіка ў Мінску адбудзецца прэм'ера спектакля «БЕГСТВО, ИЛИ ОСТОРОЖНО! ХРУПКОЕ!». Гэта сумесная пастаноўка двух прадстаўнікоў сучаснай харэаграфіі, у якой узялі ўдзел нашумелы беларускі тэатр «D.O.Z.SK.I.» і малады берлінскі тэатр «Chasqui». Вольга Костэль, харэограф-пастаноўшчык, стваральнік тэатра «Chasqui» атрымала адукацыю ў Беларусі, цяпер вучыцца ў Германіі і выкладае ў Еўропе. Вольга Скварцова, адна са стваральніц тэатра «D.O.Z.SK.I.», добра знаёмая нашай публіцы як харэограф-эксперыментатар і таленавітая танцорка. Дзве Вольгі прыйшлі ў госці да Еўрарадыё, каб пагутарыць пра будучы спектакль і пра сучасную харэаграфію ў цэлым.
Вольга, звяртаюся я да Вольгі Костэль, распавядзі, калі ласка, пра спектакль. Чаму ён называецца «БЕГСТВО…»? Уцёкі ад чаго?
Вольга Костэль: «Спектакль створаны ў стылі сучаснага нямецкага танц-тэатра. Гэта сукупнасць вербальнага і пластычнага тэатра. У ім я спрабавала паказаць тэму глабальнага ўзаемадзеяння рэкламы і чалавека. Наколькі мы заняволеныя слоганамі, якія намі потым кіруюць і становяцца нашымі рамкамі? Як людзі бягуць ад сябе, запакоўваючы сябе ў рамкі рэкламнага слогана.»
Вольга, ты ўжо некалькі гадоў працуеш з нямецкімі акцёрамі. Скажы, ці існуе розніца ў падыходах да працы з беларускімі танцорамі?
В.К.: «Як мастак-рэжысёр, я бачу розніцу ў менталітэце. Са славянамі ў мяне асацыююцца такія паняцці як «на разрыў, у вір, без разбору, без меры, моцна, крэшчэнда». У немцаў жа гэта «сістэма, дыстанцыя, падрыхтоўка, прамыя лініі».
Ты гэтак жа працуеш з сучаснымі беларускімі тэатрамі і можаш параўноўваць іх з еўрапейскімі. Скажы, ці вялікі разрыў у развіцці?
В.К.: «Я не магу сказаць, што беларускія тэатры не дацягваюць да еўрапейскіх. У нас хапае таленавітых людзей, але! Умовы працы розныя. Чаму? Таму што ў Еўропе існуюць праграмы, якія падтрымліваюць менавіта альтэрнатыўныя тэатры.
Сучасныя тэатры не скаваныя нейкімі рамкамі і менавіта ў іх нараджаецца тое новае, што з часам прасоўвае наперад традыцыйны тэатр.
У нас жа, у Беларусі, я такога не назірала. У нас усё, што звязана з сучасным тэатрам, успрымаецца як «нешта моладзевае, нешта для дзяцей, каб пасмяяцца, нешта несур'ёзнае, нешта, чаму не варта надаваць адмысловага значэння». Сітуацыя выглядае прыкладна так».
Вернемся жа да спектакля. Што ў ім убачаць нашы гледачы?
В.К.: «Што ўбачаць? Нямецкіх акцёраў і акцёраў праекта D.O.Z.SK.I., якіх звязала разам тэма «чалавек і рэклама». Што там будзе? Мне не хацелася б выдаваць усе сакрэты, таму што ўвесь праект - гэта эксперымент.
Увогуле, гледачы ўбачаць гісторыю людзей, якія сваёй зорнасцю руйнуюць тое далікатнае, што адрознівае нас ад жывёл ці ад машын. Людзей, якія глянцу, бляску і стылю надалі занадта вялікую вагу і сталі неадушаўлёнымі прадметамі».
Гэта значыць, гэта не будзе «гламурная» пастаноўка?
В.К.:«Я не ведаю, што вы называеце гламурным, але наш спектакль, хутчэй, будзе іроніяй у адрас «гламурнасці», якой сёння чамусьці надаецца асабліва вялікае значэнне».
Вольга, я звяртаюся да Вольгі Скварцовай, куды сёння рухаецца сучасная харэаграфія? Што з ёй адбылося за апошнія пяць гадоў, напрыклад? Якія тэндэнцыі яе развіцця? Што адбываецца ў свеце танца?
Вольга Скварцова: «Я буду казаць ад сябе і тэатра D.O.Z.SK.I.. Напрыклад, мы з'ездзілі на танцавальны Кірмаш у Дзюсельдорф, і пераканаліся ў тым, што, насамрэч, у сучасным мастацтве трэба ўлічваць патрабаванні рынку! Гэта абавязкова».
Што ты маеш на ўвазе?
В.С.: «Я маю на ўвазе тое, што ў стварэнні сучаснай харэаграфіі павінен прысутнічаць бізнэс. У нас у краіне сучаснае мастацтва даўно змірылася са сваім званнем «андэграўнд» і прынцыпова пакідае сябе на ўзбочыне.
Гэта не значыць, што мы ўсё павінны прама цяпер кінуцца ў СМІ і змяшацца з усім гэтым шлакам, прабачыце. Проста я бачыла на свае вочы, што існуе рынак. Мастак можа стаяць тры гадзіны, варушыць адным пальцам і гэта прадаецца»!
Як, на твой погляд, можна адрозніць фуфло ад мастацтва?
В.С.: «Ой, мы шмат разоў задавалі сабе гэта пытанне. Мне здаецца, што пад маркай сучаснага мастацтва, пад усімі гэтымі канцэпцыямі хаваецца шмат шарлатанаў. Бо можна запрасіць некаснаязыкага чувака, які напіша для вашага праекта прыгожыя словы, а вы зробіце какашку на плячы сучаснай харэаграфіі».
Што ж рабіць?
В.С.: «Напрыклад, калі ёсць цэласнасць успрымання, то вы на правільным шляху. Мастацтва –, гэта калі тваёй увагай, пачуццямі, эмоцыямі мастак прыгожа, граматна маніпулюе. Калі ты адчуваеш, нібыта прайшоў абрад ачышчэння».
Дарэчы, пра ачышчэнне. Як ты лічыш, сучаснае мастацтва павінна агаляць праблемы грамадства ці нівеліраваць іх?
В.С.: «Я супраць дакументальнага тэатра. Вядома, трэба агаляць праблемы. Не трэба пудрыць людзям мазгі, распавядаючы, што ўсё добра».
Часта людзі ходзяць на пастаноўкі сучаснай харэаграфіі, атрымліваюць асалоду ад відовішча, але не разумеюць, што адбываецца на сцэне. Як сёння трэба чытаць мову цела?
В.С.: «Нашы гледачы не вельмі падрыхтаваныя тэарэтычна, таму ім складана абстрагавацца ад таго, што адбываецца і не раскладаць пастаноўку на сюжэт, блізкі эстэтыцы тэлесерыяла. Кшталту «Вася кахае Пецю, а Пеця кахае Колю». То бок, няма здольнасці скласці ўвесь пазл разам.
Напрыклад, музычнае палатно, мова цела (гэта рваны рытм, ці гэта доўгія лініі і плаўны вобраз) складаюць суцэльную выяву. А нашы гледачы па звычцы раскладваюць выяву на складнікі, і сыходзяць засмучаныя, што «нічога не зразумеў».
Важна разумець, што ў сучаснай харэаграфіі цела з'яўляецца аб'ектам. І ўсё, што адбываецца на сцэне, варта ўспрымаць як палатно, дзе ёсць першы план, другі план, цэнтр кампазіцыі… Гэта не Вася і Пеця ўжо. Гэта шмат аб'ектаў, якія працуюць на адну ідэю».
Парай нам паглядзець якія-небудзь пастаноўкі ці харэографаў, каб мы маглі лепш падрыхтавацца да ўспрымання спектакля.
В.С.: «Мне падабаецца Анжэлен Прэльжакаж, мала вядомы ў нас нарвежскі харэограф Ё Стромгрэн.
Ё псіхалагічны і вельмі блізкі нам па менталітэце.
Уільям Форсайт вельмі добры «тэхнар». У яго ёсць нават відэаўрокі. Там вучаць ведаць сваё цела ажно да нейкіх мікрасуставаў, пра якія ты нават не ведаў, што яны ёсць у цябе такія. Бо, для таго, каб цела стала аб'ектам, яно павінна быць мегападрыхтаваным. Цела павінна быць вельмі чуллівым інструментам у руках харэографа».
Ці атрымалася ў праекта D.O.Z.SK.I. стаць такім інструментам у працы з Вольгай Костэль?
В.С.: «Так! Што мяне торкнула пры працы з Вольгай больш за ўсё, дык гэта мастак, харэограф мае права толькі ставіць перад табой задачу. А задача танцора – быць медыумам, які здольны данесці да гледача тое, што жадае сказаць мастак».
Вольга, чаму вы звярнулі ўвагу на D.O.Z.SK.I.?
Вольга Костэль: «Я чула пра іх шмат добрага. Я бачыла іх першыя працы, а пазней на іх маю ўвагу звярнуў мой прафесар (Вольга вывучае драматургію і харэаграфію ў Дзяржаўнай Акадэміі драмы і мастацтва «Эрнст Буш» у Берліне. – заўв. Рэдакцыі). Ён быў узрушаны іх працай і настаяў на тым, каб я паспрабавала штосьці зрабіць з імі. Хоць звычайна прафесар вельмі крытычна адгукаўся пра нашы тэатры.
Бо я заўсёды спрабую змешваць у пастаноўках этнас, менталітэт і культуру, то просьба прафесара падалася мне нейкім знакам, які, магчыма, дапаможа мне знайсці свой почырк.
Так што, мы з радасцю запрашаем ўсіх слухачоў Еўрарадыё на пастаноўку «БЕГСТВО, ИЛИ ОСТОРОЖНО! ХРУПКОЕ!», якую можна паглядзець 26 красавіка ў 19.00 у Палацы Прафсаюзаў».
Фота:
Аляксандр (Таранціна) Ждановіч
www.zawirowania.pl