Беларускі часнык: засяваем удвая больш, чым з’ядаем
А міністр сельскай гаспадаркі абяцае Еўрарадыё праз год накарміць часныком беларусаў.
Еўрарадыё датэлефанавалася на гарачую лінію да міністра сельскай гаспадаркі і спытала ў Міхаіла Русага, калі ўжо ў крамах з’явіцца беларускі часнык?
“Нам трэба свайго часныку 2 тысячы тон, каб забяспечыць патрэбы краіны. У гэтым годзе мы зрабілі 700 тон. У наступным будзе 1,5 тысячы, праз год — 2 тысячы тон”, — абяцае міністр.
Па словах міністра, на насенне яго пойдзе удвая больш , чым у крамы — 1,5 тысячы тон. Цікавая ураджайнасць у гэтай сельскагаспадарчай культуры!
“Мы не бярэм узімку гародніну, бо яна вырашчаная на нітратах. Толькі калі госці, пару штук, для гасцей. Бо яна не смачная”, — скардзяцца Галіна Іванаўна і яе сяброўка, выходзячы з крамы “На Нямізе”. Часнык з Кітаю каштуе ў краме 25 тысяч за кілаграм.
Прадаўшчыца кажа, іншага няма.
Прадаўшчыца: “Мы атрымоўваем часнык ад імпарцёраў, нашы базы не даюць. Наш калі і будзе, то толькі на рынку, у крамах не будзе”.
Пытаюся, ці набывае прадаўшчыца сама той кітайскі часнык? Тая ўсміхаецца і адказвае, што вырошчвае свой. На гук размовы падцягваецца адміністратарка.
Адміністратарка: “Каб беларусы часнык вырошчвалі? Дык яны цыбулю не хочуць вырошчваць! А вы пра часнык кажаце”. “Каб беларусы часнык вырошчвалі? Дык яны цыбулю не хочуць вырошчваць! А вы пра часнык кажаце”.
Тры галавы кітайскага часныку каштуюць 2,5 тысячы.
Часнык з Кітаю
За беларускім часныком кіруюся на Камароўскі рынак. Знаходзіцца адразу: адна часнычына — дзве тысячы. Пытаюся, ці добра бяруць?
Прадаўшчыца на рынку: “Амаль кожны ў нас сваё вырошчвае. Пенсія цяпер маленькая, таму на лішняе не хапае, абмежавана бяруць”.
Каб параўнаць з кітайскім часныком, набываю дзве галавы айчыннага. Але далей заўважаю яшчэ больш танны варыянт. Кілаграм — 15 тысяч рублёў! Цікаўлюся, чаму ж гэтага часныку няма ў крамах.
“Мы ж мала вырошчваем. Не хопіць на крамы. Яго ж паліваць трэба, палоць, ён жа травой зарасце і прападзе”, — тлумачыць прадаўшчыца. Часныку хапае, каб гандляваць на рынку ўсё лета, прызнаецца яна.
Злева беларускі часнык, справа — кітайскі.
Дарэчы, калі лічыць як міністр сельскай гаспадаркі, то атрымоўваецца, што кітайцы на адным толькі часныку ў Беларусі зарабляюць больш за 30 мільярдаў рублёў!