Беларускія памежнікі прызнаюць, што ашчаджаюць на ахове заходніх межаў
У якасці прычыны яны называюць... санкцыі ЕС. Маўляў, занадта дорага стала ахоўваць мяжу з Еўрасаюзам!
120419 Svjardlou Pamejniki.mp3
Навіна пра тое, што Памежны камітэт скарачае колькасць памежнікаў на межах з Еўрасаюзам, выглядае вельмі падобнай на жарт ці на правакацыю. Каб развеяць чуткі, Еўрарадыё тэлефануе ў прэс-службу Памежнага камітэта. Дзе са здзіўленнем даведваецца, што памежнікі сапраўды вырашылі менш пільна ахоўваць “выезд” з Беларусі ў заходнім напрамку.
“Справа ў тым, што санкцыі Еўрасаюза накіраваныя на буйныя прадпрыемствы, якія робяць вялікі ўнёсак у беларускі бюджэт. Хіба гэта можа застацца без наступстваў? Можа, усе прызвычаіліся да таго, што мы працавалі аднолькава як на ўезд, так і на выезд. Шчыльнасць кантролю была аднолькавая... Але зараз, з улікам пытанняў фінансавання, бюджэтных пытанняў, мы будзем скарачаць высілкі па кантролі за выездам з Беларусі. То бок, права кантролю за ўездам у Еўрасаюз мы аддаем нашым суседзям”, ― распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар ДПК Беларусі Аляксандр Цішчанка.
За 50 дзён да пачатку Euro’2012 заявы беларускіх памежнікаў гучаць для еўрапейцаў больш чым непрыемна. Сітуацыя ўскладняецца тым, што лета ― гэта “сезон” для нелегалаў, якія спрабуюць трапіць у Еўропу праз беларускую мяжу. Пра гэта Еўрарадыё пацвярджаюць самі беларускія памежнікі.
“Прагназуецца, што з надыходам цёплага надвор’я колькасць асобаў, якія імкнуцца перайсці мяжу незаконна, павялічыцца. Нелегалы спрабуюць і пераехаць праз пункты пропуску з падробнымі дакументамі, і перайсці праз мяжу па “зялёнцы”: адны робяць падкопы, іншыя проста пераходзяць”, ― засцерагаюць Еўрарадыё на адным з памежных пераходаў.
Аляксандр Цішчанка дадае, што нашыя памежнікі ні ў якім разе не адмаўляюцца ахоўваць межы Польшчы, Літвы і Латвіі. Дзіркі не будзе.
“Нельга казаць пра тое, што на мяжы ўтвараецца “дзірка”, ― падкрэслівае чыноўнік. ― Але ўсе памежныя службы прыярытэт усё роўна аддаюць кантролю за ўездам у краіну. Для таго дзяржава і стварае памежныя службы, каб, у першую чаргу, забяспечыць ахову сваёй мяжы. Калі дзяржава кажа, што прыярытэт усё ж аддаецца ўнутраным інтарэсам, ― гэта лагічна. Таму панікі ці яшчэ нечага такога я не разумею”.
Еўрарадыё будзе сачыць за сітуацыяй і даведаецца, што думаюць на гэты конт польскія памежнікі.