Беларускія сілавікі вучацца ў немцаў і навучаюць катарскі АМАП

У канцы ліпеня разгарэўся скандал, звязаны з кіраўніком Федэрацыі паліцыі Германіі Матыясам Зэгерам, якога адправілі ў адстаўку. Адной з прычын адстаўкі называецца супрацоўніцтва з беларускімі сілавымі структурамі.

Сам Зэгер заявіў, што нямецкія паліцыянты кантактавалі з беларускімі памежнікамі. Гэтыя сустрэчы былі санкцыянаваныя нямецкім МУС.

Еўрарадыё атрымала адказ з нямецкага МУС, у якім тлумачыцца, па якіх пытаннях нямецкая паліцыя кантактавала са сваімі беларускімі калегамі:

“Між іншым, федэральная паліцыя Германіі скарыстала візіты ў Беларусь, каб прадставіць прынцыпы дэмакратычнай паліцыі і канцэпцыю гуманнага стаўлення да дэмакратыі і верхавенства закона. У 2009 і 2010 гадах мелі месца сустрэчы на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва. Акрамя таго, кіраўнікі двух памежных ведамстваў узялі ўдзел у шэрагу міжнародных канферэнцый па ўпраўленні межамі ў Патсдаме ў 2009 годзе, а таксама ў XVI-XVII канферэнцыі паліцыі ў Венгрыі”.

У лісце з прэс-службы нямецкага МУС гаворыцца, што стасункі нямецкай паліцыі з беларускімі (!) памежнікамі былі скончаныя ў канцы 2011 года, а ў некаторых сферах – у канцы 2010 года.

Тым часам у нямецкім выданні Der Spiegel з’явілася інфармацыя, што ў лютым 2011, ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў, адбылася трэніроўка з удзелам нямецкай паліцыі і беларускіх спецпадраздзяленняў.

Цікава, у якіх краінах, акрамя Германіі, беларускія сілавікі чэрпаюць досвед?

“Мне чамусьці прыходзіць у галаву супрацоўніцтва з Венесуэлай. Пасля – шчыльнае супрацоўніцтва з Катарам, дзе Беларусь навучыла спецназ Катара і дагэтуль навучае. З Венесуэлай усе беларускія сілавыя структуры выбудавалі прамыя адносіны. З В’етнамам ідзе супрацоўніцтва. Ды з усімі!” – распавядае палітолаг Юрый Шаўцоў.

І дадае, што Беларусь добра інтэграваная ў працу Інтэрпола. Ці, напрыклад, у памежнае супрацоўніцтва.

Фонд імя Льва Сапегі займаецца пытаннямі мясцовага самакіравання. Яго кіраўнік Міраслаў Кобаса таксама адзначае беларускіх памежнікаў: маўляў, тыя навучыліся пісаць добрыя праекты пад гранты. Чаго не хапае, напрыклад, прадстаўнікам мясцовых уладаў Беларусі. Дзе міжнародны досвед сапраўды прыдаўся б. Нават калі мясцовых чыноўнікаў з Беларусі запрашаюць на прэстыжныя канферэнцыі, тыя не едуць.

 

Міраслаў Кобаса: “Я ведаю некалькі выпадкаў, калі запрашалі. І не зусім зразумела, чаму не едуць. Вось у траўні была канферэнцыя ў межах “Усходняга партнёрства”, вельмі такая прадстаўнічая, у Тбілісі. І ад уладаў былі запрошаныя тры асобы, але, на жаль, ніхто не прыехаў. Асноўная праблема, што яны не могуць самастойна вырашаць: ехаць ім ці не ехаць”.

Па словах Міраслава Кобасы, адсутнасці абмену досведам пачынае адчувацца. Так, спецыялісты не ведаюць слова “муніцыпалітэт”, а газеты называюць мэрам старшыню гарвыканкама, які прызначаецца, у той час як мэр – выбарная пасада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі