Еўрасаюз адклікае ўсіх амбасадараў з Мінска

***

У спецыяльным звароце высокага прадстаўніка ЕС па замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан адзначаецца:

"У адказ на сённяшняе рашэнне беларускіх уладаў адклікаць старшыню Дэлегацыі ЕС у Мінску і амбсадара Польшчы ў Беларусі, я прыняла рашэнне, у каардынацыі з міністрам Сікорскім, што мы адклікаем для кансультацый нашых двух амбасадараў. У той самы час я склікала сустрэчу амбасадараў краін ЕС у Брусэлі для абмеркавання нашай рэакцыі.

У знак салідарнасці і адзінасці вырашана, што амбасадары ўсіх краін ЕС будуць адкліканыя з Мінску на кансультацыі ў свае сталіцы. Усе краіны ЕС таксама выклікаюць беларускіх амбасадараў у свае замежныя міністэрствы.

Мы працягнем пільна сачыць за сітуацыяй".


***

На думку літоўскага міністра замежных спраў Аўдроніса Ажубаліса, рашэнне беларускага боку адклікаць амбасадараў ЕС і Польшчы — вялікая памылка. "Вельмі шкада, што так паступілі. Гэта нямудры крок, бо адкліканне амбасадараў, якія з'яўляюцца самымі важнымі асобамі для правядзення дыялогу, — гэта яснае пацверджанне, што ён (Аляксандр Лукашэнка) больш не хоча весці дыялог", — заявіў Аўдроніс Ажубаліс.

"Усё больш і больш Лукашэнка ўпадае ў адчай. І цяпер гэта бачна вельмі добра. Адкліканне амбасадараў ЕС і Польшчы — гэта крок, які сутыкнецца з адказам усяго Еўрасаюза. Дыктатар пачынае паліць за сабой масты, а гэта не значыць, што ён добра скончыць", — паведаміў старшыня МЗС Швецыі Карл Більт.

Нагадваем развіццё падзеяў:

***

Сёння ў МЗС Беларусі былі выкліканыя кіраўніца Прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне Майра Мора і амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка. Ім было прапанавана "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб данесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрыймальнасці ціску і санкцый", гаворыцца ў заяве начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Андрэя Савіных.

120228 Savinyh.mp3

Таксама адзначаецца, што ў адказ на новыя санкцыі ЕС Беларусь закрые ўезд "тым асобам з краін Еўрасаюза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мераў".

Стала вядома, што ў Мінск для кансультацый адкліканыя пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўрасаюзе і амбасадар Беларусі ў Польшчы.

МЗС Беларусі папярэджвае, што "ў выпадку працягу ціску на Рэспубліку Беларусь будуць прыянтыя і іншыя меры для абароны нашых інтарэсаў". Адначасова знешнепалітычнае ведамства нашай краіны спадзяецца, што ў ЕС зразумеюць бесперспектыўнасць "сілавога шляху": "Прапанова Беларусі аб развіцці дыялогу, узаемадзеяння і супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам на падставе прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемнай павагі застаюцца ў сіле".

***

Беларусь не будзе публікаваць свой пашыраны "чорны спіс"

Нагадаем, як сёння заявіў МЗС нашай краіны, спіс неўязных папоўніцца "аўтарамі санкцый".

Нягледзячы на тое, што гэта будзе крок у адказ на еўрапейскі "чорны спіс", у ім будзе нашмат менш за 200 чалавек, паведаміла Еўрарадыё кампетэнтная крыніца ў МЗС.

***

Пра сваё рашэнне выслаць амбасадра Польшчы для кансультацый Мінск паведаміў польскаму боку ў наступнай дыпламатычнай ноце:

"Амбасада Рэспублікі Беларусь у Польшчы з выразам глыбокай пашаны да МЗС Польшчы мае гонар паведаміць, што Яго Эксцэленцыя Пан Віктар Гайсэнак, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар РБ у РП у дзень 28-га лютага 2012 года быў адкліканы на кансультацыі ў Рэспубліку Беларусь у сувязі з прыняццем Саветам па замежных справах ЕС у дзень 28-га лютага 2012 года рашэння аб пашырэнні санкцый адносна Беларусі, а таксама ў сувязі з асаблівым ініцыятыўным удзелам ў дадзеным пытанні польскага боку. У час адсутнасці Яго Эксцэленцыі Амбасадара функцыі Charge d’Affairs Пасольства будзе выконваць старэйшы дарадца, спадар Андрэй Лазавік. Амбасада карыстаецца нагодай, каб паўтарыць выразы глыбокай пашаны Міністэрству замежных спраў Польшчы".

***

Дональд Туск: Мы прымем меры, ад санкцый не адмовімся

Прэм'ер-міністр Польшчы пракаментаваў высылку на кансультацыі з Мінску амбасадара Лешэка Шарэпкі і кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕС Майры Мора.

Нагадаем, у адказ на санкцыі беларускія ўлады таксама адклікаюць свайго прадстаўніка ў ЕС і амбасадара ў Польшчы. Таксама "аўтары санкцый" патрапілі ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь, паведамляецца ў заяве МЗС нашай краіны.

Як інфармуе "Газета выборча", Дональд Туск адзначыў, што падзеі толькі адбыліся і яшчэ замала мае інфармацыі пра іх. "Але мы прымем меры", — адзначыў ён. Паводле яго словаў, рашэнне беларускіх уладаў не паўплывае на пазіцыю Польшчы ў адносінах санкцый супраць афіцыйнага Мінска.

***

Якаўлеўскі: Праявілася "чырвоная лінія", пра якую казаў Лукашэнка

Палітычны аглядальнік пракаментаваў адказ МЗС нашай краіны на чарговыя санкцыі і заявы з боку ЕС.

Раман Якаўлеўскі лічыць, што распачалася замарозка дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і ЕС ды Польшчай:
120228 Jakauleuski1_0.mp3
"Гэтая заява нам праясніла тое, што меў на ўвазе Лукашэнка гаворачы пра нейкую "чырвоную лінію" [у адносінах ЕС і Беларусі, якую ён не раіў пераходзіць]. Вось яна і праявілася...

На мой погляд, што датычыцца прадстаўніцтва Еўразвязу, фактычна дыпмісіі, то гэта ўпершыню такі выпадак у яшчэ кароткай гісторыі службы знешніх адносін Еўразвяза Кэтрын Эштан... Гэта фактычна замарозка дыпламатычных адносін".

Што да пагрозы МЗС Беларусі, у выпадку працягу ціску на наша краіну ў выглядзе санкцый ужыць у адказ нейкія захады, то Якаўлеўскі мяркуе, што варта чакаць "псіхалагічнай вайны".
120228 Jakauleuski2_0.mp3
Якаўлеўскі: "Скарачэнне персаналу [прадстаўніцтва ЕС і амбасады Польшчы]. Як гэта было з амерыканскай амбасадай... Таксама я не выключаю, што мы ў хуткім часе станем сведкамі чарговых "тэлесерыялаў" наконт дыпламатаў. Гэта значыць псіхалагічная вайна".

***

МЗС Польшчы: Умовы для аднаўлення дыялогу Мінску вядомыя

Гэта — спыненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі і вяртанне на шлях дэмакратызацыі.

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў МЗС Польшчы. Знешнепалітычнае ведамства Польшчы называе сённяшняе рашэнне ўладаў Беларусі "недружалюбным крокам беларускага боку ў дачыненні да ўсяго Еўрасаюза" ды адзначае, што "ён сустрэнецца з адказам ЕС".

***

ЕС вырашае, якім мусіць быць адказ Мінску

У Бруселі праходзіць нарада пад старшынством кіраўніцы знешнепалітычнага ведамства Еўрасаюза Кэтрын Эштан.

Як паведамляюць дыпламатычныя крыніцы польскага інфармацыйнага агенцтва РАР, магчымым адказам ЕС можа стаць выезд з Мінску амбасадараў усіх 27 краін-сябраў ЕС. "Мы павінны скаардынаваць наш адказ", — паведаміла прэс-сакратарка Эштан, Майя Каціянчыч. Яна дадала, што Майра Мора, якая кіруе Прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі, яшчэ знаходзіцца ў Мінску.

***

Шэф камісіі польскага Сейма заклікае паслоў з краінаў ЕС пакінуць Беларусь

“Спадзяюся, што ўсе краіны Еўрасаюза павядуць сябе адназначна і недвухсэнсоўна”, — мяркуе Гжэгаж Схеціна.

Палітык называе дзеянні беларускіх уладаў “трывожным званком, які чарговы раз паказаў, якім чынам Лукашэнка ставіцца да Еўрапейскага Саюзу”. У той жа час, на думку шэфа камісіі польскага Сейма па міжнародных адносінах, такія дзеянні афіцыйнага Мінска — гэта “адлюстраванне і прызнанне значнасці ролі Польшчы”, бо толькі польскаму амбасадару, таксама як і амбасадару ЕС, было прапанавана выехаць з краіны.

***

Старшыня Еўрапарламента асуджае рашэнне ўладаў Беларусі

Марцін Шульц зрабіў заяву з нагоды рашэння беларускіх уладаў прапанаваць амбасадарам ЕС і Польшчы пакінуць нашу краіну.

Вось яе тэкст: "Я вельмі шкадую з нагоды гэтага рашэння. Гэта непрапарцыянальная, неканструктыўная і непрадуктыўная мера. Яна шкодзіць развіццю адносінаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам.

Я расцэньваю гэта як варожыя дзеянні.

Замест таго, каб выбіраць паступовую самаізаляцыю, афіцыйны Мінск павінен зрабіць правільны выбар на карысць свайго народа і адчыніць дзверы дэмакратыі. У якасці першага кроку Беларусь павінна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных вязняў.

Гэта магло б прывесці да перагляду абмежавальных мераў ЕС і дазволіць Беларусі і ЕС вярнуцца на шлях паступовага збліжэння.

У Еўрапейскага Саюза і Беларусі павінныя быць добрасуседскія адносіны. Еўрапейскі парламент падтрымлівае грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя памкненні беларускага народа".

***

Нямецкі МЗС адклікаў свайго амбасадара з Мінска.

"Гэта крок супраць Польшчы, крок супраць Еўрасаюза, раўнасільны кроку супраць нас, немцаў", - заявіў увечары 28 лютага ў Брусэлі нямецкі міністр замежных спраў Гіда Вестэрвеле, перадае БелаПАН.

 На думку кіраўніка МЗС ФРГ, усім астатнім краінам таксама варта адклікаць  сваіх прадстаўнікоў для кансультацый.

Нагадаем, што рашэнне адклікаць сваіх амбасадараў з Беларуссю цяпер разглядаюць і іншыя краіны Еўрасаюза.

Фота: interia.pl

Беларусь — ЕС. Хроніка дыпламатычнай вайны. Год 2012

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі