Бензін у Беларусі стаў самым дарагім у СНД

Як падлічыла Еўрарадыё, пасля павышэння цэн на бензін ў Беларусі ён стаў самым дарагім сярод 12 краінаў СНД.

Яшчэ ў красавіку мы былі на чацвёртым месцы пасля Малдовы, Украіны і Арменіі, але цяпер мы абагналі і гэтыя краіны.

Чарговы рост кошту бензіну “Белнафтахім” тлумачыць сусветным падаражаннем нафты. Паводле словаў прэс-сакратара канцэрна Марыны Касцючэнкі, цана бяспошліннай расійскай нафты для Беларусі ў перыяд з лютага па красавік вырасла на 27,9%:

“Сусветныя каціроўкі павялічыліся. 27,9% — гэта вельмі сур’ёзная лічба. А кошт расійскай нафты вызначаецца згодна з формулай, якая ўлічвае сусветныя каціроўкі. Мы ж цэны павялічылі толькі на 6-8% у залежнасці ад віду нафтапрадуктаў. То бок нават павелічэнне цэнаў не пакрывае ўзрослых выдаткаў беларускіх прадпрыемстваў”.

“Я здымаю капялюш перад знаходлівасцю піяршчыкаў з “Белнафтахіму”
, ― пракаментаваў такое тлумачэнне канцэрну эканаміст Сяргей Чалы. Ніякага дачынення да сусветных коштаў на нафту падаражанне бензіну не мае, лічыць эксперт:

“З пачатку года сусветная цана на нафту, у тым ліку расійскую, знізілася. Але пры гэтым яна вагалася ў даволі шырокіх межах… І што самае цікавае — атрымоўваецца, што ў гэтым прэс-рэлізе ніхто не схлусіў: сапраўды яна з лютага па красавік вырасла на 27,9%. Іншая рэч, што важна не тое, што сказалі, а тое, чаго не сказалі, — што ў цэлым за гэты час яна знізілася”.



Бензін — тавар акцызны, ― тлумачыць эканаміст. Як мінімум 60% у яго цане — так званы падатак на аўтамабілістаў, за кошт якога папаўняюць бюджэт. Атрымліваецца, што без акцызу цана літра бензіну АІ-92 складзе 1150 рублёў! Раней частка грошай звыш сабекошту паліва ішла на рамонт дарогаў. Цяпер дарожны фонд адменены. Куды ж ідзе рэшта?

Сяргей Чалы: “Фактычна гэта падатак на аўтамабілістаў. Насамрэч, ён даволі справядлівы, бо здымаецца не з машыны, а з рэальнага карыстання — хто больш ездзіў, той больш і заплаціў. Гэта спосаб павышэння бюджэтных прыбыткаў. А што рабіць?
 
У нас у першыя месяцы гэтага года склалася даволі цяжкая сітуацыя з напаўненнем бюджэту. У сітуацыі, калі патрабуецца павялічыць паступленні ў бюджэт, трэба знаходзіць новыя крыніцы. Вось і вырашылі ўзяць тых, хто адносна багацейшы за іншых людзей. Але ж як прыгожа схлусілі замест таго, каб патлумачыць сапраўдную логіку… Гэта спосаб латаць дзірку, нічога большага”.


Тым часам аўтамабілісты пратэстуюць супраць павышэння коштаў на паліва. Яны арганізавалі акцыю “Стоп-бензін” і з 1-га па 4-га чэрвеня заклікаюць пакінуць свае аўтамабілі на стаянках і ў гаражах, а самім ездзіць на грамадскім транспарце або хадзіць пешшу.

“У Расіі літр дызпаліва каштуе 19 рублёў — гэта 1900 беларускіх рублёў. Што такога ў нас адбылося, што цана на паліва дасягае 2580? Хаця яно на парадак горшае…”, — абураецца адміністратар сайта “Стоп-бензін” Аляксандр. “Без дай прычыны трэці раз падымаецца цана на бензін. Нам жа ўжо аб’явілі, што будзе танная венесуэльская нафта, ужо рыхтуецца 2-ая партыя… Чаму тады растуць кошты на бензін? Незразумела.

Я асабіста гатовы плаціць за паліва дорага. Але, даруйце мне, забяспечце мне гэты бензін, гэтае дызпаліва адпаведнай якасці. Можна зрабіць такі маркетынгавы ход: бензін для багатых і бензін для бедных. Зрабіце бензін дрэннай якасці за тысячу і бензін добрай якасці за пяць. Але дайце права выбару”.


Ілюзіяў, што акцыя на штосьці паўплывае, у Аляксандра няма:

“Шчыра? Думаю, што не паўплывае, у чарговы раз ніхто не заўважыць і не пачуе…”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі