Беражкоў: Мы сёння ў хакеі — сапраўдныя ідыёты

Пасля паразы ад французаў зборная Беларусі выбыла з барацьбы за медалі чэмпіяната свету па хакеі ў Славакіі. У 3-х гульнях папярэдняга этапу нашыя суайчыннікі закінулі 3 шайбы — супраць 10 галоў ад Канады, Швейцарыі і Францыі. Чаму ў зборнай Беларусі пакуль не атрымліваецца выйграць на гэтым чэмпіянаце хаця б адну гульню, — запыталася Еўрарадыё ў рэдактара галоўнай спартовай газеты краіны "Прессбол" Уладзіміра Беражкова.

Уладзімір Беражкоў: Кароткага і адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. І ў першую чаргу, я думаю, перамагчы перашкаджае тое, што мы не заслугоўваем перамогі. Не заслугоўваем праз наша стаўленне да хакею.

Быў пры канцы 1990-х і напачатку новага стагоддзя перыяд, калі ў беларускі хакей прыйшлі вялікія грошы. Але, на жаль, прыйшлі яны не да прафесіяналаў, а замест прафесіяналаў, скажам так. З кіравання нашым хакеем вымылі менеджараў, якія маглі сказаць “не”, якія мелі сваю пазіцыю. Іх замянілі грашыма. Без грошай, натуральна, нешта зрабіць вельмі складана. Але аднымі грашыма — немагчыма.

Еўрарадыё: То бок, на вашу думку, праблема сістэмная — і глыбейшая за тую зборную, якая зараз выступае на чэмпіянаце свету?

Уладзімір Беражкоў: Тое, як сёння гуляе зборная — праблема ўсяго беларускага хакея. Зборная — вяршыня піраміды, выстава нашых дасягненняў. Але я хацеў бы працягнуць “грашовую” тэму. Калі ідзе нічым не стрыманае і амаль не кантраляванае ўкладанне сродкаў, калі не можаш паглядзець на баланс — не бачыш і эфектыўнасць прадпрыемства. Дык пра якія вынікі тады можна казаць?

Мяне сёння вельмі кранула інтэрв'ю варатара французаў Крыстабаля Юэ, які 3 траўня практычна адзін перамог нашу каманду. Ён сказаў, што ў зборнай Францыі ёсць гульцы, якія вымушаныя падпрацоўваць, каб утрымліваць свае сем'і. А нашы хакеісты, якія французаў па класе істотна не апярэджваюць, пішуць лісты, пратэстуюць супраць столі заробкаў. Маўляў, плаціце мне не 7, а 8 тысяч долараў… Яны спрачаюцца, па якім курсе выплачваць. Мы даўно згубілі рэальны кошт нашага хакея. Бо ўся спартовая сістэма ў нас не празрыстая. Футбол, хакей і іншыя віды спорту ператварыліся ў цацку.

Еўрарадыё: Вялікі, відовішчны спорт – гэта, па вялікім рахунку, і ёсць цацка… Прынамсі, для гледачоў.

Уладзімір Беражкоў: Але калі я бачу ў краме нейкую рэч — я заўжды цікаўлюся, колькі яна каштуе. Вось, напрыклад, Ferrari. Мне адказваюць: 300-400 тысяч долараў. Тады я кажу: гэта дрэнны аўтамабіль! Ён не патрэбны мне, я на такім ездзіць не буду, бо мусіць быць адэкватны кошт. Дык вось, беларускі хакей і ператварыўся ў дарагую цацку для дарослых, якія вельмі мала думаюць пра дзяцей.

У 1998 годзе зборная Беларусі ўпершыню увайшла ў 8 мацнейшых каманд свету. А зборная Швейцарыі тады на чэмпіянаце свету заняла 4-е месца. І далей яна пачала паступова рухацца наперад. Швейцарцы не проста “кармілі” сваю каманду — яны ўкладалі ў хакей на ўсіх узроўнях. Дзіцячы, юнацкі хакей. І сёння яны нароўных гуляюць з канадцамі. А летась у ¼ чэмпіянату свету перамаглі Расію. Яны рэгулярна выходзяць у плэй-оф, а нам такія вынікі і не сніліся! Таму казаць, што наш хакей са швейцарскім нароўных, — што блюзнерыць. Самы цікавы хакейны клуб у Еўропе — “Берн”. А швейцарскі чэмпіянат утрымлівае ў сябе ледзь не ўсю зборную Швейцарыі. І ім не плацяць звышзаробкі, прынятыя ў КХЛ. Там усё празрыста: яны атрымліваюць заробкі на ўзроўні нашага Адкрытага чэмпіянату Беларусі, з каэфіцыентам на еўрапейскі ўзровень жыцця. Толькі на матчы АЧБ ніхто не ходзіць. Бывае па 100 чалавек сядзіць на матчы, з якіх большасць — сваякі хакеістаў. А ў Швейцарыі ходзіць па 10-15 тысяч гледачоў, як у КХЛ. Толькі ў нас адна каманда ў КХЛ, а ў іх на ўсе каманды так ходзяць, у іх гэта нацыянальны чэмпіянат. А ў Францыі хакеісты падпрацоўваюць разносчыкамі піцы, цырульнікамі, будаўнікамі. І яны нас перамагаюць. Вось яна, эфектыўнасць беларускага хакея.

Еўрарадыё: Дык што, беларускі хакей выратуецца, дзякуючы валютнаму крызісу? Грошы скончацца, і замежнікі згубяць інтарэс да нашай краіны?

Уладзімір Беражкоў: Справа не ў тым, скончацца грошы ці не. Справа ў тым, што грошы ідуць не туды, куды трэба. Быў у нас гадоў 10 таму чэмпіянат Усходнееўрапейскай хакейнай лігі. Там гулялі прадстаўнікі 4-х краінаў. І ў тым ліку дзіцячыя каманды, у 8-і ўзроставых катэгорыях. Гульцы, якія гулялі ў УЕХЛ у Беларусі, атрымлівалі параўнальна невялікія заробкі: 1-2 тысячы долараў, максімум — 3. А вынік мы мелі на парадак лепшы, чым сёння.

Але пасля таго мы валюнтарысцкімі, я б сказаў, салдафонскімі рашэннямі ўсё гэта выразалі, знішчылі. Сказалі, што мы самі з вусамі і арганізавалі Адкрыты чэмпіянат Беларусі, у якім фінансуем каманды самі… Панабудавалі лядовых палацаў… Я не кажу, што гэта дрэнна: база, якая ёсць сёння, проста фантастычная, касмічная, у параўнанні з базай 10-гадовай даўніны. І ўлічваючы ўсе гэтыя сродкі, якія мы ўклалі ў хакей, я б сказаў, што мы — ідыёты. Мы сёння ў хакеі — сапраўдныя ідыёты. З такімі ўнёскамі мець такі вынік могуць толькі недалёкія людзі.

Еўрарадыё: Цікава, што гульцы мінскага “Юнацтва” — Кітараў і Сцяпанаў — выглядаюць ледзь не лепш, чым хакеісты “Дынама” — “базавага” клуба беларускай зборнай.

Уладзімір Беражкоў: Кітараў і Сцяпанаў сапраўды выглядаюць як мінімум не горш за гульцоў КХЛ. І, я думаю, не толькі Кітараў і Сцяпанаў. Тут ёсць фактар Калюжнага: я прытрымліваюся думкі, што Аляксей Калюжны з’ехаў са зборнай Беларусі не з-за траўмы, а таму, што ён прыйшоў у каманду і пабачыў, што там гуляюць не ўсе лепшыя з тых, хто мог бы. Гэта толькі мая здагадка, але я чамусьці ўпэўнены, што ён з’ехаў не з-за медыцынскага, а з-за прынцыповага фактару. Я не хачу сказаць, што ў зборнай Беларусі па хакеі ёсць блатныя. Але тое, што на дадзены момант у гэтай камандзе не сабраныя ўсе лепшыя беларускія гульцы, і тое, што некаторыя гульцы з АЧБ, у тым ліку і з “Юнацтва”, значна пераўзыходзяць у класе мінскіх дынамаўцаў, — для мяне, як для спецыяліста, відавочна.

Еўрарадыё: Задам апошняе, правакацыйнае пытанне: як вы лічыце, ці мусіць падаць у адстаўку трэнер, чыя каманда паказвае на чэмпіянаце свету такі вынік?

Уладзімір Беражкоў: Я не хачу за некага вырашаць. Але я памятаю, што калі я быў віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі хакея ў 2001 годзе, роўна 10 гадоў таму, на чэмпіянаце свету ў Германіі мы апынуліся ў падобнай сітуацыі. Тады дзіўныя рэчы адбываліся ў Міжнароднай федэрацыі хакея, за вушы цягнулі японцаў. І мы скаціліся ў суцяшальны раўнд і, на жаль, вылецелі ў першы дывізіён.

Да справаздачна-выбарнай канферэнцыі ФХРБ заставалася яшчэ прыкладна паўгода. Тым не менш, я, нягледзячы ні на што, сказаў, што павінен сысці з пасады. Бо адказваць за паразу мусяць не толькі хакеісты, але і кіраўнікі. Яўген Мікалаевіч Ворсін, які тады быў міністрам спорту [а зараз якраз узначальвае Федэрацыю хакея. — Заўв. Еўрарадыё] назваў мой учынак мужчынскім. Сказаў, што я паступіў, як мужчына. І я спадзяюся, што сёння знойдуць у сабе сілы паступіць па-мужчынску тыя людзі, якія так ці інакш датычныя да выніку нашай зборнай на чэмпіянаце свету. Не хачу называць персаналіі і прозвішчы. Але вінаваты не адзін Эдуард Занкавец. Вінаватая сістэма. А дакладней, яе адсутнасць.

Нагадаем, пасля трох паражэнняў (ад Канады, Швейцарыі і Францыі) у папярэднім этапе чэмпіянату свету па хакеі 2011 года зборная Беларусі выбыла з барацьбы за выхад у плэй-оф. Цяпер беларусы згуляюць у “суцяшальным” стыкавым матчы за тое, каб застацца ў мацнейшым хакейным дывізіёне.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі