Брэстаўчане абмеркавалі развіццё культуры праз грамадскую ініцыятыву

Творчая інтэлігенцыя гораду абмеркавала праблемы ў часе арганізацыі культурных мерапрыемстваў. Прысутныя мастакі і музыкі распавялі пра перашкоды, з якімі штодня даводзіцца сутыкацца, даносячы людзям "прадукт" сваёй творчасці.

У якасці экспертаў выступілі пісменнік Алесь Паплаўскі, мастак Аляксандр Грыгор’еў, а таксама грамадскія актывісты Алег Голас і Уладзімір Красько. Усе яны мелі досвед рэалізацыі сваіх праектаў праз брэсцкія гар- і аблвыканкамы.

Пасля досыць эмацыйнага абмеркавання эксперты пагадзіліся ў тым, што ўладныя органы не зацікаўленыя ў разглядзе новых ініцыятываў. Фінансаванне ж культурніцкіх мерапрыемстваў дзяржавай — плён шматгадовага дыялогу з чыноўнікамі, які не кожны творца здолее прайсці.

Як паведаміў Еўрарадыё пісменнік Алесь Паплаўскі, не менш істотна на папулярызацыю культурніцкіх падзеяў у горадзе ўплываюць і рэгіянальныя СМІ. Аднак, са словаў эксперта, ўзровень іх крытыкі пры асвятленні мерапрыемстваў пакідае жадаць лепшага.

Паплаўскі: "Мне здаецца, што медыя павінны быць больш падрыхтаваныя па спецыфічных аспектах культуры. У тым ліку, калі, напрыклад, праходзіць тэатральны фестываль, шмат праходзіць другаснай інфармацыі і мала надаецца ўвагі самой тэме. Прафесійны падыход павінен быць — не толькі падаваць гэта як падзею, але мусіць быць і асабістая думка. Заўсёды цікава чытаць меркаванне чалавека, а не толькі інфармацыю з
месца падзеяў".

Як таксама паведаміла каардынатар кампанні "Будзьма беларусамі!" Ніна Шыдлоўская, падобная форум-сустрэча прайшла і ў іншых буйных гарадах краіны. Яе мэта — кансалідаваць актыўных людзей і падвысіць актыўнасць грамадства ў культуры ўвогуле.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі