Брытанскі міністр заклапочаны смяротнай карай у Беларусі
Брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан выступіў з адмысловай заявай.
Ён выказаў заклапочанасць ужываннем смяротнага пакарання ў Беларусі, перадае БелаПАН. Нагодай для гэтага сталі нядаўна выкананыя прысуды Алегу Грышкаўцову і Андрэю Бурдыку.
Лідынгтан заклікае ўлады Беларусі ўвесці афіцыйны мараторый на смяротнае пакаранне. Па яго словах, гэта будзе першы крок да адмены смяротнай кары. Такі мараторый, кажа Лідынгтан, мог бы адкрыць шлях да будучага сяброўства Беларусі ў Савеце Еўропы і спрыяць інтэграцыі нашай краіны ў міжнародную супольнасць.
Нагадаем, Камітэт ААН па правах чалавека заявіў, што Беларусь парушыла свае міжнародныя абавязанні, забіўшы Грышкаўцова і Бурдыку. Іх справы знаходзіліся на разглядзе камітэта.