“Бульбаш-хол”: Мы будуем па праекце, а не так — прыйшлі і капаем

121025_martynovi4_kurapaty.mp3

Рэстаран на 400 чалавек, гасцявыя домікі, лазня і дзіцячая пляцоўка — неўзабаве каля ўрочышча Курапаты можа з’явіцца нешта такое. З выглядам на крыжы.

Пошук аўтараў гэтага праекту прыводзіць Еўрарадыё да “Нашай рэстараннай групы” — уладальнікаў рэстаранаў “Кушавэль”, “Тусэ” і “Дача”. У рэстаранах кантактамі гаспадароў не дзеляцца, забараняюць…Але урэшце знаходзім рэкламную абвестку ад “Белнаватэкс груп” — праваўласніка “Нашай рэстараннай кампаніі”.

Там запэўніваюць, што на костках рэстаранны комплекс не будуюць.

“Лічу патрэбным сказаць, што падчас раскопак на гэтым месцы ніводнай косткі знойдзена не было. Згодзен, будуецца ля урочышча. Кінатэатр “Мір” — каля могілак, шмат могілак у нас, і шмат чаго ля іх стаіць. Гэта дзяржаўнае пытанне, а не прыватнага забудоўшчыка. Мы ж па праекце будуем, а не так — прыйшлі і пачалі капаць”, — заяўляюць нам у кампаніі.

Будоўля "Бульбаш-хола"

І дадаюць, што з дзяржавай “Бульбашъ-хол” узгаднілі. Там нараканняў не ўзнікла.

Пакуль няма нараканняў і ў Міністэрства культуры. Хоць комплекс і будуецца ля гісторыка-культурнай каштоўнасці…. Але дакументы на будоўлю ўсё ж правераць, абяцае Еўрарадыё начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар Чарняўскі:

Ігар Чарняўскі: “Наколькі я разумею, гэта будаўніцтва ідзе паміж запраўкай і Курапатамі… Гэты комплекс прыдарожнага сервісу, як ён называўся калісьці, ён будуецца ў зоне рэгулявання забудовы. Іншае пытанне: ці ў тым аб’ёме, у якім яно заяўлялася, будуецца. Гэта мы павінны праверыць”.

Самому чыноўніку, па яго словах, назва “Бульбаш-хол” не імпануе.

А на думку палітыка Зянона Пазняка, такія пытанні рэгулююцца нават не законамі, а мараллю, традыцыяй.

Зянон Пазняк: “Так, сапраўды, могуць жыць людзі каля могілак, але павінна быць функцыянальнае рэгуляванне такой тэрыторыі. Там не могуць быць басейны, стадыёны — гэта рэгулюецца мараллю, традыцыяй у цывілізаваных краінах. У (Заходняй. — Еўрарадыё) Еўропе гэтага няма ў законе, бо рэгулюецца культурай, а ў Беларусі свая культура нішчыцца. Не можна ладзіць канкан на труне”.

Нагадаем, ва урочышчы Курапаты падчас сталінскіх рэпрэсій былі расстраляныя дзясяткі тысяч чалавек. У розных крыніцах прыводзяцца лічбы ад 30 да 250 тысяч забітых.

Мемарыял Курапаты

Фота: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі