Chiefs Band: На нас можна прыходзіць з іракезамі, валасатымі і лысымі
Аўтар бульба-фанку і пірацкага джазу - Алесь Мышкевіч прызнаўся ў неканцэптуальнасці альбома свайго бэнду і распавёў пра беларускамоўную будучыню гурта.
Еўрарадыё: У апошні час Беларусь проста запаланілі розныя бэнды. Але Chiefs Band – незвычайны бэнд. Алесь, на твой погляд чым адметны бэнд Chiefs, у чым яго фішка?
Алесь Мышкевіч: Фішкі амаль што не існуе. Усе гэтыя фішкі прыдумляюць, у тым ліку, і журналісты з прыхільнікамі, маўляў, і ў гэтым фішка, і ў тым… Вядома, мы ровар не вынаходзілі, а пачалі складаць сваю музыку, якая на сённяшні дзень атрымліваецца. І, вядома, гэта ўсё з беларускім нашым смакам. Бадай, у гэтым і ёсць наша фішка. У адрозненне ад іншых беларускіх, расійскіх, украінскіх гуртоў, у Chiefs Band усё-такі заходняя музыка, нават праамерыканская. І вось уся гэтая “Амерыка” разам з “Беларуссю” і ёсць Chiefs Band.
Еўрарадыё: Вы прыдумалі новы стылістычны тэрмін – бульба-фанк – то бок, фанк з беларускімі матывамі?
Алесь Мышкевіч: Не зусім так. Хутчэй, фанк з беларускай мовай. То бок, амерыканцы слухаюць амерыканскую музыку ў выкананні Chiefs Band і кажуць: “Гэта нашы! Але што гэта за мова? Не польская, не расійская?” Гэта беларуская мова! Тое, што мы першыя адчынілі гэты стыль у Беларусі – раней тут джаз-фанку праамерыканскага не было. Ёсць ў нас цудоўныя джазавыя гурты, але да такой праамерыканскай “махры” яны не звярталіся. І вось яна з’явілася, а з цягам часу патрапіла пад беларусізацыю. У выніку і атрымаўся бульба-фанк-джаз.
Еўрарадыё: І зараз вы рыхтуеце беларускамоўны альбом…
Алесь Мышкевіч: Так. Заўсёды мы карысталіся англійскай мовай у сваіх песнях. А потым з’явілася адна песня на беларускай мове, дзве-тры-чатыры і матэрыялу назбіралася на паўнавартасны альбом. Трэба цяпер гэты матэрыял аранжыраваць, сыграць… То бок, наша ідэя – заспяваць амерыканскі джаз па-беларуску. Але мы гэта робім не таму, каб неяк адрознівацца ад астатніх, а каб падтрымаць беларускую мову і саму беларускую ідэю . Каб замежныя слухачы, чуючы нас, не гадалі, адкуль мы родам. А каб было зразумела, што Chiefs Band – гэта “фірма”, але “фірма” з Беларусі.
Еўрарадыё: На якія традыцыі абапіраецца музыка Chiefs Band?
Алесь Мышкевіч: Натуральна, Джэймс Браўн, Jamiroquai, Inkognito, Liquid soul, O'Funk'illo, асобныя выканаўцы кшталту Маркуса Мілера, Дзюка Элінгтана, Джо Кокера… Наша кола вырасла на гэтых імёнах, мы іх працягваем слухаць і, натхняючыся, пісаць сваю музыку.
Еўрарадыё: Хто піша музыку для гурта? І якім чынам адбываецца працэс стварэння музыкі ў Chiefs Band?
Алесь Мышкевіч: Аўтарам музыкі з’яўляюся я, англамоўныя тэксты піша Юлія Стомава – ёсць такая дзяўчына ў нашай групоўцы. Наша групоўка – гэта не толькі тыя 11 чалавек, якіх можна на альбоме заўважыць, а гэта і 25, і 30 чалавек, пачынаючы ад кіроўцы і заканчваючы сааўтарамі твораў. Беларускамоўныя тэксты – мае… Прыходжу на рэпетыцыю, прыношу тэму, гармонію. Аранжыроўкі пішуцца непасрэдна на рэпетыцыі ўсімі музыкамі. Дапамагае мне ўдасканальваць аранжыроўкі наш цудоўны і славуты беларускі саксафаніст Андрэй Барыла. Такім вось чынам працуем – як усе (смяецца).
Еўрарадыё: Нарэшце ў Chiefs Band з’явіўся дэбютны альбом “Jazz Pirates”. Што ж такога пірацкага ў вашым джазе?
Алесь Мышкевіч: Так атрымалася, што і гэты альбом і джаз у нашым выкананні трапілі пад крытычны абстрэл – адны кажуць, што гэта джаз, іншыя – што не джаз. І павялося гэта з тых часоў, калі мы былі навучэнцамі… Я лічу, што гэта джаз, а каму не падабаецца, няхай гэта будзе пірацкі джаз – не такі, як у астатніх. Можа, некаму не спадабаецца мова ці гармоніі… У нашым джазе мы можам граць не толькі джаз. Мы можам граць жорстка, як Mеtallica, і Red Hot Chilly Peppers нас таксама натхняе. І ў песні паміж куплетамі можна зрабіць устаўкі з “Металікі” ці рок-оперы “Ісус Хрыстос – суперзорка”. І гэта ўсё будзе ў нашым джазе, таму мы і піраты – што хочам, то і робім. Мы не прытрымліваемся нейкіх межаў – быць у традыцыі і прагнуць некага здзівіць тым, што мы так класна граем джаз. Не, усё па-пірацку, усё свабодна. Анархія!
Еўрарадыё: Альбом вы пісалі доўга. Гэта звязана з тэхнічнымі цяжкасцямі ў запісе вялікай колькасці інструментаў (у запісе бралі ўдзел 11 музыкаў. – прым. аўт.)?
Алесь Мышкевіч: Не. Звычайна партыі пісалі па-асобку: бубны, бас, гітары, пачкі… Тры кампазіцыі з альбому мы запісалі ўсе разам – “жывака”, як у нас кажуць, на студыі БТ пад кіраўніцтвам гукарэжысёра Юрыя Гарачкі, за што яму вялікі дзякуй. Астатнія творы пісалі са Змітром Каршакевічам, які рабіў звядзенне і майстарынг усёй пласцінкі. І яму дзякуй. Запіс праходзіў добра, але доўга – цягам года. І ўсё таму, што мы не маглі вызначыцца, патрэбны нам альбом, ці не. Ну, а ў выніку атрымаўся паўнавартасны дыск.
Еўрарадыё: Ці ёсць нейкая схаваная канцэпцыя ў “Jazz Pirates”?
Алесь Мышкевіч: Не-не. Ніякай канцэпцыі. Гэта проста некаторыя песні гурта Chiefs Band. То бок, ідэя тут адна: ёсць Chiefs Band, ёсць такія музыкі, каторыя граюць і гэта толькі пачатак.
Еўрарадыё: Наколькі ўдалы фестывальны лёс Chiefs Band’а?
Алесь Мышкевіч: Мы гастралюем… Ульянаўск, Маскоўскі джаз-фестываль, Варшава – ім гэта цікава. Зараз выпраўляемся ў тур –Архангельск-Масква-Варонеж-Ніжні Ноўгарад: акурат з ідэяй беларускамоўнага джазу мы туды і едзем. Па вяртанні звычайна атрымліваем столькі паведамленняў! Яны ўвогуле не ведаюць, што ёсць джаз у Беларусі. Ім падаецца, што тут увогуле нічога няма і ўсё забаронена! Дзякуй Богу, што ёсць прапановы, што нас запрашаюць, што людзям цікава. Праўда, на жаль, там намі болей цікавяцца, чым тут.
Еўрарадыё: А што трэба прыдумаць нашаму Міністэрству культуры, каб джаз зрабіўся больш папулярным?
Алесь Мышкевіч: Мусіць быць тусоўка, таму трэба, каб міністэрства праводзіла і давала прыватным арганізатарам праводзіць фестывалі. Няхай яны будуць штотыдзень! Не толькі джаз-фэсты, рок-фэсты! Няхай іх будзе больш і больш. У нас цудоўная прырода, куды можна выехаць і дзе можна працаваць… Давайце паўгода будзем рабіць маленькія фэсты, а напрыканцы года зробім адзін вялікі з удзелам джазавых, рок-, рэгі-гуртоў. А то ўсё даводзіцца па норках хавацца і скардзіцца па тусовачках на няпростае жыццё. Гэта ж не цяжка, праводзіць фэсты. Мы ж нікому не перашкаджаем, не пераходзім дарогу, мы проста хочам граць для людзей. Гэта ж наогул развіццё культуры! Чаму ў Амерыцы, Еўропе штодзень адбываецца нейкі фэст? Гэта культура, гэта развіццё чалавека! Чалавек не можа існаваць без кнігі, без музыкі! Ён мусіць разумець, што жыццё – гэта не толькі праца і камяні, праца-камяні. Ёсць усё-такі тое, дзеля чаго можна жыць і чаму можна навучыць нашых дзяцей.
Еўрарадыё: З беларускімі джаз-фэстамі ўсё зразумела. А што наконт джаза ў клубах? Chiefs Band’у ёсць дзе разгарнуцца?
Алесь Мышкевіч: Так! 31 траўня з клубе Coyot адбудзецца прэзентацыя нашага альбома пры падтрымцы драм-шоў Stress і гарадзенскага Stop Time Jazz Band. Імпрэза пройдзе ў межах “Джаз-чацвяргоў”, якія ладзіць добрая кампанія, з добрай рэкламай і добрымі ідэямі. З гэтым пачынаецца прафесійнае джазава-клубнае жыццё. Яно павінна быць, таму што дзесьці развівацца патрэбна, і адкуль, як ні з клубаў выйшлі калісьці джазавыя музыкі! Таксама ёсць сцэна для джазавых музыкаў у нашым знакамітым “Графіці” – хоць і маленькі паб, але ёсць месца, дзе можна паграць, і куды могуць прыйсці аматары джазу ўжо цягам дзесяці гадоў. Што тычыцца іншых клубаў, дык яны больш арыентаваныя на кавер-бэнды. Я сам працую ў кавер-бэндзе, і ўсё мне падабаецца ў гэтай працы. І гэта добра, што ёсць жывая музыка і праца ў музыкаў, але не зусім добра, што зноў-такі не развіваецца свая культура. Хацелася б больш клубаў, вядома. Але яшчэ раз кажу, што “Каёт” – гэта клас, у якіх добрая кампанія, добры апарат, усё атрымліваецца, народ прыходзіць, адтапырваецца па розным джазе. Дзякуй ім, спадзяюся, з цягам часу з’явяцца ў нас яшчэ падобныя клубы.
Еўрарадыё: Апроч Chiefs Band і “Крамбамбулі” ты граеш у кавер-бэндзе “Мінскае мора”. Ты зарабляеш на жыццё толькі музыкай?
Алесь Мышкевіч: Так! Іншага нічога ніколі рабіць і не збіраўся. А для таго, каб зарабляць болей, даводзіцца граць і ў кавер-бэндзе, таму што самі разумееце, становішча беларускага музыкі. “Мінскае мора” – гэта добрая праца, я туды не хаджу як на катаргу пад дулам аўтамата. Не. Усё класна. Я займаюся любімай справай. Хлопцам вялікі дзякуй, што яны добрыя ў мяне. І што цікава, “Мінскае мора” таксама перарастае ў творчую адзінку – гэта кавер-бэнд, але ў ім нараджаюцца і свае песні. Наш вакаліст – некалі бард Саша Моцарт, які цяпер вырас у рок-музыку.
Еўрарадыё: А ці не хочацца часам граць толькі ў адным гурце – сваім?
Алесь Мышкевіч: Шчыра кажучы, хацелася б. Але такія рэаліі цяпер, што трэба граць і там, і там, і там. Яшчэ ў 2002 годзе падчас майго ўдзелу ў “Без Білета” я хацеў трапіць у “Крамбамбулю”: я прабеларускі чалавек, таму мяне цягнула ў бок беларускага. І з Лявонам мы цудоўна спрацаваліся, і цяпер я сябе ўжо не ўяўляю без “Крамбамбулі” – гэта таксама мой гурт!
Еўрарадыё: “Крамбамбуля” уплывае на Chiefs Band?
Алесь Мышкевіч: Так! Знаёмства з Лявонам мяне таксама калісьці натхніла… Некалі я слухаў N.R.M. Потым было знаёмства. Цяпер мы ўжо сябруем сем’ямі. Больш таго, нават парадніліся: Лявон – хросны бацька майго сына – таксама Лявона… Лявон – так, у нейкім сэнсе, натхненне для Chiefs Band мне дае – акурат на з’яўленне беларускамоўных кампазіцый. Бо музыку я ўвогуле іншую пішу – гэта ясна.
Еўрарадыё: Ну, і, па ідэі - Chiefs Band – гэта падобна “Крамбамбулі” – свайго роду адтапырка…
Алесь Мышкевіч: Так, натуральна. Гэта джаз-адтапырка. Мы ж свавольнікі! На нас нельга прыходзіць у залу, сядзець, глядзець і засынаць. На нас можна прыходзіць з іракезамі, валасатымі, лысымі і каўбасіцца.
Еўрарадыё: А якім ты бачыш свой гурт праз 10 гадоў?
Алесь Мышкевіч: Бачу яго беларускамоўным, вядомым за мяжой. Не буду казаць пра Амерыку, але хачу, каб ён быў такім жа пазнавальным, як, напрыклад, Zdob Si Zdub, які прыязджае ў любую краіну, і ўсе разумеюць, што гэта малдаване з хард-корам. Вось і я хачу, каб чуючы Chiefs Band, людзі ведалі, што гэта беларусы з джазам.
Еўрарадыё: Аднак, магчыма, каб быць больш пазнавальнымі, варта прыўнесці ў сваю музыку этнічныя элементы?
Алесь Мышкевіч: Мяркую, што яны з цягам часу ўсё-такі з’явяцца. Тым больш, ідэй шмат, і часу нямала.
Фота:
Фота: www.graffiti.by, www.ultra-music.com