Ці патрапіць Беларусь у зону свабоднага гандлю з ЕС?

Еўрасаюз гатовы падпісаць з краінамі-ўдзельніцамі Ўсходняга партнёрства дамовы аб стварэнні зон свабоднага гандлю адразу, як толькі яны будуць да гэтага гатовыя. І выканаюць усе неабходныя ўмовы. Больш за тое, у сферы паслуг Еўрасаюз гатовы падаць поўную свабоду прадпрымальнікам. Пра гэта падчас канферэнцыі ў Любліне “Ўсходняе партнёрства – стратэгія на 2011 год і наступныя гады” заявіла кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Польшчы Ева Сыновец.

Ева Сыновец: “Мы гатовыя ў першыню прапанаваць поўную свабоду арганізацыі фірм на тэрыторыі Еўрасаюза. Прадугледжваем таксама, што ў некаторых сектарах і некаторых відах паслуг будзе пададзены 100% доступ да рынкаў ЕС. Але ў такім выпадку дзяржавы-партнёры павінны будуць цалкам прыняць і адаптаваць палажэнні Еўрасаюза. Важна разумець, што сектар фінансавых паслуг ахоплены менавіта такім падыходам”.


А гэта азначае, што ўсё заканадаўства краін-партнёраў павінна адпавядаць заканадаўству Еўрасаюза. Нагадаем, што ў праграме "Ўсходняе партнёрства" бяруць удзел шэсць краін: Беларусь, Украіна, Малдова, Арменія, Грузія і Азербайджан.

Калі пра “поўную свабоду арганізацыі фірм” Еўрасаюз пачаў казаць зусім нядаўна, то пра зоны свабоднага гандлю гаворка ідзе даўно. Вось толькі Беларусі ўдзел у гэтых праграмах пакуль “не свеціць”. На гэта, кажа Ева Сыновец, ёсць дзве прычыны. Найперш, увесь гандаль у Еўрасаюзе рэгулюецца юрыдычнымі рамкамі Сусветнай арганізацыі гандлю. А Беларусь туды не ўваходзіць, што замінае юрыдычна аформіць адносіны ЕС і нашай краіны ў сферы гандлю. Да таго ж, Беларусь нават не праявіла цікавасці да гэтай прапановы – стварэння зоны свабоднага гандлю. У той час, калі ўсе астатнія краіны прыкладаюць вялізныя намаганні для ажыццяўлення гэтага праекта ЕС. Украіна ўвогуле стаіць ля самых дзвярэй такой зоны.

Ева Сыновец: “Што тычыцца Беларусі, то тут наш удзел не дайшоў да этапу абмеркавання магчымасці ўзгаднення варыянтаў дамовы. Бо няма нават ратыфікацыі дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве”.

Дамова гэтая, між іншым, была складзеная яшчэ напачатку 1990-х гадоў мінулага стагоддзя. Але беларускі бок яе так і не падпісаў.

Здавалася б, што жыць і гандляваць паспяхова можна і без гэтых дамоў. Па афіцыйных звестках гандаль Беларусі з ЕС і так складае каля 40% ад усяго знешняга гандлю нашай краіны. Вось толькі эканаміст Аляксандр Чубрык перасцерагае ад эйфарыі на гэты конт.

Аляксандр Чубрык:
“Акрамя Ўкраіны і Грузіі ўсе астатнія краіны-партнёры маюць прыблізна 42-43% гандлю з ЕС. Але калі адсюль выключыць нафту і нафтапрадукты, то ўбачым, што, напрыклад, у Беларусі і Азербайджана доля экспарту ў ЕС значана скарачаецца”.


І калі раптам наша краіна страціць магчымасць гандляваць у ранейшых аб’ёмах з ЕС энерганосьбітамі, то ад нашага “вялікага” гандлю на Захад застанецца толькі ўспамін.

Каментуючы гэты прагноз эксперт з Каралеўскага ўніверсітэта Белфаста Алена Гнедзіна заўважыла, што не толькі магчымасці пашырэння аб’ёмаў гандлю дае дамова “аб зонах свабоднага гандлю”. Найперш, гэта – стымул для рэфармавання эканомікі. Што, па падліках адмыслоўцаў, у самы кароткі тэрмін прывядзе да росту ўзроўню жыцця на 4%.


Еўрарадыё пацікавілася ў экспертаў, ці не зашкодзіць Беларусі на шляху да такой эканамічнай еўраінтэграцыі яе ўдзел у Мытным саюзе. На думку Аляксандра Чубрыка, трэба цікавіцца, ці доўга гэты Мытны саюз праіснуе.

Аляксандр Чубрык: “Пакуль Беларусь не атрымала таго, чаго жадала атрымаць дзякуючы Мытнаму саюзу. Яна хацела атрымаць танныя энерганосьбіты. Іх няма. І зараз відавочна, што калі мы ўвядзем у зоны свабоднага гандлю, то атрымаем значна больш, чым калі застанемся ў рамках Мытнага саюза. І мне падаецца, што сёння існаванне Мытнага саюза не з’яўляецца сур’ёзнай праблемай”.

У сваю чаргу віцэ-міністр замежных спраў Польшчы нагадаў, што ў 2011 годзе яго краіна будзе старшынстваваць у ЕС. І паабяцаў, што Польшча будзе рабіць усё магчымае для таго, каб далучыць Беларусь да працэсаў еўраінтэграцыі. Галоўнае, каб на гэта была палітычная воля афіцыйнага Мінска.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі