Ці ўвойдзе супраца Беларусі і МВФ у падручнікі па эканоміцы?

“Там і абарона прыватнай уласнасці, і прыватызацыя, і лібералізацыя цэн, і іншыя структурныя рэформы”, — пералічае патрабаванні МВФ эканаміст Леанід Злотнікаў, намякаючы на нядаўнюю нацыяналізацыю кандытарскіх фабрык “Спартак” і “Камунарка”.

З 18 па 29 кастрычніка ў Беларусі працавала місія МВФ. На думку эксперта, другога крэдыту ад МВФ мы не дачакаемся. Бо арганізацыя падыходзіць больш адказна да абяцанняў з беларускага боку. Тым больш, што спачатку трэба яшчэ закрыць крэдыт, які Беларусь пачала атрымоўваць у 2009 годзе.

Леанід Злотнікаў: “Мы заплацілі толькі сотню-другую мільёнаў долараў з 3,5 мільярда. Вось у наступным годзе плацяжы будуць складана ажыццяўляцца. Трэба знайсці новыя крэдыты. Міністр фінансаў заяўляў, што, каб разлічыцца ў наступным годзе, нам трэба яшчэ пазычыць недзе 1,5 мільярда долараў. Працэс ідзе марудна”.

Больш пазітыўна пра супрацу Беларусі і МВФ разважае эканаміст Аляксандр Муха з даследчай групы BusinessForecast.by.

Аляксандр Муха: “Зараз мы з’яўляемся такім класічным прыкладам, які ў будучыні, магчыма, увойдзе ў падручнікі па макраэканоміцы. Калі параўноўваць з той жа Аргентынай, з якой МВФ меў негатыўны досвед супрацоўніцтва ў плане вяртання сродкаў, то зараз Беларусь узорна пагашае свае даўгі”.

Адзіная агаворка: каб “трапіць у падручнікі”, нашай краіне акурат і спатрэбіцца другі крэдыт ад МВФ — на правядзенне структурных рэформаў. А гэта магчыма толькі з удзелам палітыкі, лічыць Аляксандр Муха.

Аляксандр Муха: “У выпадку нармалізацыі палітычных стасункаў Беларусі з ЗША і ЕС, ёсць шансы на выдзяленне новага крэдыту”.

Аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб адзначае, што, згодна з МВФ, у беларускай грашова-крэдытнай палітыцы ўсё нядрэнна. А вось са структурнымі рэформамі — сур’ёзныя праблемы. 

Вадзім Іосуб: “Гэта не проста так хочацца МВФ. Эканоміка краіны на такім раздарожжы, што можна не рабіць гэтыя рэформы, і гэта будзе стагнацыя на гады, хай сабе без нейкіх узрушэнняў на валютным рынку. Альбо для росту эканомікі гэтыя рэформы неабходны. Хацелася б, каб улады зразумелі, што рэформы патрэбны не МВФ, а нам”.

Што цікава, падчас візіту ў Беларусь прадстаўнікі МВФ некалькі разоў падкрэсліваюць неабходнасць падтрымання рэформаў на самым высокім узроўні. Вадзім Іосуб мяркуе, што і ў Нацбанку, і ў Саўміне разумеюць неабходнасць, але без адмашкі з боку кіраўніка краіны нічога не будзе.

Вадзім Іосуб: “Гэта вельмі кардынальныя комплексныя ператварэнні. Мне падаецца, дагэтуль, зыходзячы з апошніх выступаў кіраўніка дзяржавы, ён шчыра лічыць, што павінен быць кантроль дзяржавы за буйнымі прадпрыемствамі і гэтак далей”.

Нагадаем, са студзеня 2009 года па красавік 2010 па праграме stand-by Беларусь атрымала крэдыт ад МВФ у памеры 3,6 мільярда долараў. Пасля беларускі бок некалькі разоў агучваў жаданне разам з МВФ правесці новую праграму.

Фота: thisissierraleone.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі