Дэльфін: Пачынаць мяняцца трэба з уласнай маленькай перамогі
Эксклюзіўнае інтэрв'ю Еўрарадыё — пра "чорныя спісы", маўчанне на канцэртах, вечарыну ў мінскіх мастакоў і першы сольнік "Мальчишника".
16 сакавіка ў Re: Public выступае Дэльфін — самы неразгаворлівы музыка расійскай альтэрнатыўнай сцэны. Ведаючы
пра тое, што Андрэй не любіць кантактаваць з прэсай, Еўрарадыё ўсё ж
рызыкнула папрасіць аб інтэрв'ю. Мы не
пралічыліся!
Еўрарадыё:
Распавядзіце, якую праграму везяце у Мінск гэтым разам.
Дэльфін: Мы не
расчаруем тых, хто прыйдзе. Будуць
і новыя трэкі з нашай пласцінкі "Существо", і трэкі з больш ранніх
альбомаў. Нават
вельмі старыя будуць кампазіцыі, якія мы часам граем у апошні час.
Еўрарадыё:
Але ж год таму вы ўжо прывозілі "Существо" ў Мінск. Складана ставіцца да
гэтага альбому як да новага.
Дэльфін:
Мы да гэтага часу не ўсе песні з пласцінкі "Существо" гралі на
канцэртах. Па-мойму,
толькі палову... І цяпер хочам другую палову ўвесці ў строй.
Еўрарадыё: Можа
быць, ужо гатовае нешта звышновае?
Дэльфін: Не, пакуль яшчэ
няма. Мы
цяпер думаем, якой магла б быць наша новая пласцінка. Вядзем музычныя эксперыменты. Але пакуль тое, што мы
робім, нас не задавальняе. Гэта
нармальны працэс. Галоўнае
— што-небудзь рабіць, і тады да чагосьці абавязкова прыйдзеш.
"У
Мінску я ў першы раз выйшаў на прафесійную сцэну"
Еўрарадыё:
Ваш канцэрт у Мінску, які мае адбыцца — пяты за апошнія пяць гадоў. Вы паспяваеце нешта ў нас
паглядзець?
Дэльфін:
У Беларусь заўсёды вельмі прыемна прыязджаць. Заўсёды едзеш сюды са спакойным
сэрцам. І,
наколькі я памятаю, у Беларусі, менавіта ў Мінску я ў першы раз выйшаў на
прафесійную сцэну. Гэта
было неверагодную колькасць гадоў таму, гэта быў сольны канцэрт гурта "Мальчишник".
Еўрарадыё:
Дык усё ж такі ёсць нейкія ўражанні ад Мінска? Ці
кожны прыезд праходзіць па схеме "прыбыццё — саўндчэк — канцэрт —
ад'езд"?
Дэльфін:
На жаль, менавіта так усё і адбываецца, як вы кажаце. Але
бываюць і выключэнні, і тады мы просім хлопцаў, якія нас запрашаюць,
чым-небудзь нас здзівіць. У
Мінску мне адзін раз удалося трапіць на вечарыну ў кватэру да мастакоў. Гэта была вельмі прыемная вечарынка.
Еўрарадыё: Мастакі былі маладыя?
Дэльфін: Розныя. Адзін
час мой прыяцель працаваў консулам у мінскім пасольстве, і ён быў з імі знаёмы.
Я
не памятаю імёнаў, але і ў мяне атрымалася пазнаёміцца з імі, паглядзець
цікавыя карціны.
"Што тычыцца музыкі, забароны — гэта ўдвая няправільна"
Еўрарадыё:
Палітыкі часта называюць беларусаў і расіян братамі. Адчуваеце
што-небудзь братэрскае ў адносінах да нашай краіны?
Дэльфін:
Гэтыя ўсе словы лепш пакінуць палітыкам. У
любой краіне ёсць нармальныя людзі і ёсць, мякка кажучы, не вельмі. І
нармальныя людзі на любым узроўні знаходзяць паміж сабой агульную мову: на
культурным, на дзелавым... А палітыкі займаюцца балбатнёй, і мы выдатна
разумеем, навошта яны ўсё гэта кажуць.
Еўрарадыё:
Ці чулі пра "чорныя спісы", у якіх знаходзяцца непажаданыя для ўлады
беларускія музыкі? Як ставіцеся да
таго, што музыку можна забараніць?
Дэльфін:
Я думаю, што любыя забароны — гэта, хутчэй, адмоўная, чым станоўчая рэч. Людзі
павінны самі прыходзіць да таго, што можна рабіць, а што нельга, і самі сябе
кантраляваць. А што тычыцца
музыкі, забароны — гэта ўдвая няправільна. І
той, хто гэта робіць... Ім павінна быць проста сорамна за такія прынятыя
рашэнні.
"Усё
тое, пра што я кажу, — вельмі проста"
Еўрарадыё:
Для фанатаў канцэрт — гэта магчымасць падыхаць з вамі адным паветрам. А вы чаго чакаеце ад гледачоў?
Дэльфін:
Заўсёды прыемна бачыць спагадлівага гледача. І мы
заўсёды хвалюемся і баімся, што што-небудзь пойдзе не так.
Еўрарадыё:
У мінулым годзе за ўвесь канцэрт у Мінску вы не сказалі са сцэны ні слова...
Дэльфін: Гэта
адбываецца кожны канцэрт. Гэта
нічога не значыць.
Еўрарадыё: Гэта з-за
ашчаднага стаўлення да музыкі? Ці баіцеся нешта сапсаваць?
Дэльфін:
Мне заўсёды было дзіўна глядзець на людзей, якія знаходзяць у сабе смеласць
казаць нейкія дзіўныя словы, звяртаючыся да гледачоў. Калі
ўжо ты выйшаў на сцэну, табе ёсць што сказаць тым, што ты робіш. А нейкія
дапаўненні да гэтага выглядаюць як клаунада. Праўда,
бываюць артысты, якім гэта клаунада неабходная для падтрымання іміджу... Але
гэта зусім іншая гісторыя.
Еўрарадыё:
Мне заўсёды здавалася, што так артыст можа дапамагчы гледачам зразумець тое,
што ён хоча сказаць.
Дэльфін:
Усе словы, якія я выкарыстоўваю, і ўсё тое, пра што я кажу, — вельмі проста. І
я катэгарычна супраць залішняй надуманасці, залішняй сэнсавай зашыфраванасці. Я
стараюся заўсёды быць вельмі зразумелым перад тымі, перад кім стаю. Мне здаецца, што быць
яшчэ больш зразумелым проста дрэнна.
"Мяняць
свет вакол сябе — гэта асноўная задача чалавека"
Еўрарадыё:
Вашы першыя сольныя альбомы выйшлі яшчэ ў 1990-я, калі ў аўдыторыі яшчэ было
шырокая савецкая адукацыя, калі можна было спадзявацца, што нават складаную
метафару або асацыятыўны шэраг зразумеюць усе. Цяпер
маладыя людзі ў адукаванасці моцна страчваюць, а вы працягваеце пісаць
сур'ёзныя тэксты. Ці адчуваеце вы, як
слухач песень мяняецца?
Дэльфін:
Нармальна, што тыя людзі, якія выбіраюць нашу творчасць, у чымсьці і самі...
Не, не простыя. Але
гэта выдатна, калі ў іх пасля праслухоўвання пласцінкі ўзнікае жаданне глыбей
зразумець. Гэта
значыць, што гэтыя людзі сумняваюцца. Шукаюць адказы на нейкія
ўласныя пытанні. І
не хочуць стаяць на месцы, пакідаць незразумелыя на першы погляд моманты без
адказу. Гэта вельмі добра.
Еўрарадыё: Як
часта ў вашым жыцці здараюцца перамены?
Дэльфін:
Увесь час змяняцца і пастаянна мяняць свет вакол сябе — гэта асноўная задача
чалавека. Мяняць
сваё асяроддзе, свет унутры сябе. Да чаго гэтыя
змены могуць прывесці — гэта іншая гісторыя. Але галоўнае — каб змены
адбываліся. Гэта
абавязковая ўмова існавання.
Еўрарадыё:
А што можна ўзяць за кропку адліку ў гэтым руху?
Дэльфін:
Уласную маленькую перамогу над нечым. Зафіксаваць
для сябе гэты факт і ў наступны раз зрабіць лепш, чым зрабіў раней.
Фота: Уладзімір Цеплякоў.