Дэпутат Дзярждумы — пра Балотную: Гэта была правакацыя!
А беларускія ўдзельнікі падзеяў у Маскве праводзяць паралелі з мітынгам 19 снежня 2010 года.
“Балотная чакалася як “зліў пратэсту”. Найбольш радыкальныя пратэстоўцы збіраліся правесці акцыю пазней, на Манежнай плошчы [з іншага боку Крамля. — Еўрарадыё]. Але ім не далі нават сабрацца. Плошчу перакрыла паліцыя, і, як толькі там сабраліся першыя 50 чалавек, пачаўся хапун. А тое, што шэсце да Балотнай плошчы перарасло спачатку ў сядзенне на мосце, а пасля і ў масавую сутычку з паліцыяй, было неспадзявана”, — распавядае ўдзельнік маскоўскіх падзеяў Глеб.
Ад Балотнай плошчы да Крамля напрамкі не больш за кіламетр. Што праўда, паміж імі Масква-рака. Прайсці можна праз Вялікі каменны мост. Менавіта на ім паліцыя ў нядзелю і заблакавала прарыў мітынгоўцаў. А пасля затрымала ў ваколіцах Балотнай плошчы 650 чалавек.
Сінім — маршрут мітынгоўцаў ад Калужскай (В) да Балотнай (А) плошчы. Чырвоны крыжык — месца першага сутыкнення з паліцыяй. Ля кінатэатра "Ударнік" адбыліся асноўныя затрыманні.
З чаго пачалася бойка? Відавочцы разыходзяцца ў меркаваннях. Адны кажуць, што паліцыя паспрабавала адціснуць мітынгоўцаў, якія абвясцілі сядзячую забастоўку. Людзі ў форме зрабілі некалькі крокаў наперад — і “пачалася заварушка”. Іншыя распавядаюць пра групу маладзёнаў, якія раптам урэзаліся ў шэрагі паліцэйскіх. Тыя пасля гэтага адразу пачалі выхопліваць дэманстрантаў з натоўпу.
“Відавочна, што гэта была правакацыя. На маю думку, гэта была спланаваная акцыя з мэтай дыскрэдытацыі пратэстнага руху. А хто гэтую акцыю спланаваў — я дазволю сабе ўстрымацца ад каментароў”, — распавядае Еўрарадыё дэпутат Дзярждумы ад партыі “Справядлівая Расія” Аляксандр Чацверыкоў.
Дэманстрацыя 19 снежня 2010 года ў Мінску таксама пачыналася як мірная, працягнулася біццём шкла ў дзвярах Дома ўраду і скончылася брутальным разгонам. Але на думку Глеба, які прысутнічаў і на тым мітынгу, пратэстоўцы беларускай і расійскай сталіцах паводзілі сябе вельмі па-рознаму:
“Калі ў Мінску людзі мірна адыходзілі, а іх ціснулі і збівалі, дык тут пачалася сутычка. Справакаваная, як і ў Беларусі, нейкай незразумелай сілай. Людзі біліся дрэўкамі сцягоў, кідаліся ў паліцыю кавалкамі асфальта і фаерамі. Што праўда, паліцыя пасля кідала асфальт назад у мітынгоўцаў”, ― параўноўвае Глеб.
Ёсць розніца і ў тым, як былі пакараныя лідары мітынгоўцаў. У Беларусі Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў і Дзмітрый Ус атрымалі на траіх 16,5 гадоў зняволення. Барыс Нямцоў, Сяргей Удальцоў і Аляксей Навальны атрымалі па 30 долараў штрафу.
Тым часам пратэстныя настроі ў Маскве не слабеюць. Асобныя акцыі адбываюцца па ўсім цэнтры сталіцы Расіі. Працягваюцца і затрыманні… Ізалятары і суды перапоўненыя, у паліцыі не хапае нават аўтазакаў. Затрыманых перавозяць па горадзе на маршрутках!
“У тым, што пратэст робіцца гвалтоўным, вінаватая ўлада і толькі яна адна, — напісала ў сваім блогу тэлевядучая Ксенія Сабчак. — Калі б улада адэкватна рэагавала на патрабаванні Балотнай, калі б за гэтыя тры месяцы пачаліся хаця б якія-небудзь зрухі, дык і пратэст застаўся б мірным… У рэвалюцыі вінаватыя не людзі, якія папросту робяцца ўсё больш агрэсіўнымі і злымі на ўладу, а тыя, хто не чуе іх патрабаванняў”.
На думку Аляксандра Чацверыкова, які быў запрошаны на інаўгурацыю, тое, што адбываецца на вуліцах Масквы, вельмі паўплывала на атмасферу, у якой 7 траўня Уладзімір Пуцін быў афіцыйна прызначаны прэзідэнтам Расіі.
“Уявіце: краіна ўваходзіць у новую палітычную эпоху. Няхай сабе і стары, але новы кіраўнік краіны. Мы мусім адчуваць эйфарыю. Вецер надзеяў, вецер пераменаў, чаканне нечага, што мы чакаем ужо даўно: новага, добрага, светлага, выдатнага… Нічога такога і блізка не было. Шэрае, сухое, пратакольнае мерапрыемства… Не было адчування свята. А яно мусіла быць абавязкова”.
Фота: Ілля Япішкін.