Дворнікам у Мінску прапануюць большы заробак, чым ідэолагам

Адкрываю прапановы працы на сайце Мінгарвыканкама. Адразу кідаецца ў вочы заяўлены заробак дворніка ў гатэлі “Мінск” — 2,7 млн рублёў. Праўда, у рэчаіснасці ён аказваецца крыху меншы.

Гатэль “Мінск”: “2 мільёны будзеце атрымоўваць. 2,7 млн напісана на сайце гарвыканкаму. Гэта налічэнні, бруднымі. Але будзе толькі 2 мільёны чыстымі. Звычайны дворнік з мяцёлкай, лапатай”.

Але ўсё роўна дворнік можа зарабіць больш за... ідэолага ў адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы. Там мяне адразу папярэджваюць пра мізэрныя заробкі. І дадаюць, што ў ідэалагічным аддзеле надоўга не затрымліваюцца.

Адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска: “Будзе 1,8 млн рублёў. Праца звязаная з мерапрыемствамі грамадска-палітычнага характару. Усе святы: 9 траўня, 3 ліпеня, усе мерапрыемствы з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Ненармаваны працоўны дзень, вельмі часта ўвечары, на выходных, заўсёды на святы. То бок нагрузкі вельмі сур’ёзныя. Праца сама па сабе цікавая, прыстойны ўзровень зносін. Гэта не электрыкі з завода, гэта дырэктары прадпрыемстваў, грамадскія аб’яднанні”.

На думку супрацоўніцы ідэалагічнага аддзела, пры ўсіх супярэчнасцях, такая праца будзе не самай дрэннай “для пачатку”.

Яшчэ адна цікавая вакансія — лавец бяздомных жывёл на сайце дзяржаўнага прадпрыемства “Фаўна горада”. Праца “для Шарыкава“ прадугледжвае прапанову “ўсё ўключана”.

“Фаўна горада”: “Заробак зараз крыху падвышаецца, таму каля 2 мільёнаў. Нават будзе крыху больш. Сямігадзінны працоўны дзень, шкодныя ўмовы працы. Выязджаеце па заяўцы арганізацыі і ловіце жывёлу. Гэта шкоднасць, адпаведна скарочаны рэжым працоўнага часу, усе даплаты, кампенсацыі, гарантыі, страхоўка — усё тут уключана”.

Усяго ж у мінскай службе занятасці каля 19 тысяч вакансій — нашмат больш, чым людзей, якія афіцыйна шукаюць працу. Прычым беспрацоўе ў Беларусі за апошнія гады… знізілася.

Аддзел працаўладкавання: “У нас узровень беспрацоўя 0,3%, паменшыўся. У мінулыя гады быў 0,4%”.

Паводле дадзеных перапісу беспрацоўнымі сябе назвалі 6% беларусаў.

На службе занятасці заробкі менш за сярэдні ўзровень па краіне: 2-3 мільёны для прадаўца ці 1,5-2 мільёны для рабочага па абслугоўванні будынкаў.

Фота: nakubani.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі