Пасля рэканструкцыі ў Купалаўскім стала на 100 месцаў менш (фота)
Пад крэсламі з’явілася вентыляцыя, а з галёркі не бачна сцэны! Еўрарадыё прагулялася па калідорах тэатра разам з яго будучымі "жыхарамі".
Асноўныя працы па рэканструкцыі Купалаўскага тэатра скончыліся. Цяпер рабочыя ліквідуюць дробныя недаробкі. У кабінеты яшчэ не завезлі мэблю, пакуль няма асвятлення і гуку на сцэне. Але збольшага тэатр гатовы, нават ацяпленне функцыянуе. Афіцыйнае адкрыццё запланавана на пачатак сакавіка.
"Цяпер мы маем тэатр ХІХ стагоддзя ў такім выглядзе, як ён быў. Плюс — маем 2 залы для рэпетыцый. Тэатр стаў лепшым — з'явілася больш кабінетаў, грымёрак, сама сцэна стала глыбейшай", — распавядае Зоя Галькевіч, спецыяліст аддзела знешніх сувязяў Купалаўскага.
Разам з ёй і Дыянай Даражок, кіраўніком аддзела знешніх сувязяў, шукаем, дзе ўключыць святло ў глядацкай зале. Пакуль будынак яшчэ не перадалі Купалаўскаму, таму пакуль ён нязвыклы нават для супрацоўнікаў. Як уключыць святло ў гардэробе, так і не знаходзім. А сам гардэроб цяпер не на першым паверсе, як быў раней, яго перанеслі на цокальны.
Замест гардэроба злева і справа ад галоўнага ўваходу — калідорчыкі і білетная каса.
Падымаемся вышэй, і трапляем у глядацкую залу. Тут ужо ўсё гатова, але за кошт камфорту месцаў стала менш.
"У зале было парадку 450 месцаў. Цяпер — толькі 360 разам з балконам і бельэтажам", — кажа Дыяна Даражок.
Праўда, яшчэ з паўсотні месцаў увогуле нічога не бачна. Амаль не відаць сцэны з другіх радоў балкона і лож. Калі глядзець спектакль, то толькі стоячы. Супрацоўнікі кажуць, што такая праблема была і раней. Мяркуецца, што ўсе праходы і вольная прастора ля сцен паступова абрасце дадатковымі месцамі.
Вось так бачна сцэну з месца на фота вышэй. Калі гэтыя квіткі будуць прадаваць, можа быць шмат пакрыўджаных.
Некаторыя артысты ўжо пабывалі ў тэатры. Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч кажа, што трэба яшчэ абжыцца.
"Тое, што светла, многа прыгожага — гэта ўражвае, вельмі. Гэта будзе прыемна гледачу паглядзець на такія прыгожыя залы. Асабіста мне і многім, хто працаваў у старым будынку, трэба да гэтага прывыкнуць. Я яшчэ хаджу старымі сцежкамі. Напэўна, гэта будзе залежыць ад спектакляў, якія ажывуць на гэтай сцэне. Па-рознаму адносяцца да блакітнага колеру ў зале. Але пакуль няма заслоны, не павешаныя шторы".
Пад крэсламі з'явілася вентыляцыя, з-за гэтага падлога стала нерухомай.
Дыяна Даражок: "Вентыляцыйныя шахты не прадугледжваліся ў тэатры 1890 года. Вось чаму вырашылі рабіць падлогу прыступкамі, маўляў, так прасцей схаваць вентыляцыю. Невядома, што з імі рабіць, каб людзі не падалі. Раней была падлога пандусам. Не было вось гэтых перападаў, яна ўся была пад нахілам. Там пад сцэнай былі механізмы, якія дазвалялі падняць падлогу, па задуме Казлоўскага, і выраўняць са сцэнай".
З-за недахопу месцаў засталіся на самым версе пакоі гукарэжысёра і мастака па святле. На сцэне толькі пачынаюць манціраваць асвятленне, закупленае ў чэшскай фірмы.
"Мы меркавалі святло і гук перанесці на ярус ніжэй. Там было б лепшае месца, тут не вельмі добра бачна. Але, паколькі колькасць месцаў і так скарацілася — нас туды не пусцілі. Але там было б ідэальнае месца. Вось тут будзе стаяць пульт і атрымоўваецца, што авансцэны не бачна, часткі гарызонту таксама. У якасці кампенсацыі абяцалі правесці відэатрансляцыю у HD якасці", — кажа мастак па святле Мікалай Суркоў.
Калі да тэхнічнай часткі пытанняў у яго няма, то да дэкору ёсць.
"Мёртва пакуль што тут. Тое, што сцэна стала зручнейшай — гэта дакладна. А вось да дэкору у мяне ёсць пытанні. Аддае крыху еўрарамонтам. Але ж галоўнае, каб на сцэне ўсё добра было".
Чаго толькі каштуюць батарэі цэнтральнага ацяплення ў камінах!
За кошт знесенай аўтэнтычнай сценкі сцэна стала глыбейшай, але былі пытанні ці не сапсуе гэта акустыку, — кажа гукарэжысёр тэатра Павел Захаранка.
"Не думаю, што будуць праблемы. У нас закупляецца спецыяльнае абсталяванне — сістэма электроннай карэкцыі акустыкі. Некалькі мікрафонаў па сцэне, па зале і вялікая колькасць акустычных сістэм (калонак) па зале. Усё гэта падключаецца да сервера, які ў рэальным часе аналізуе гукавую прастору. Па зададзеным алгарытме сістэма можа працаваць адначасова ў трох рэжымах — карэкцыя акустыкі, калі зала перасушаная, мала свайго рэверу, можна дабаўляць, як творчы прыём, можна зрабіць іншую акустычную прастору — хол, лес. І спецэфекты, калі мы можам рухаць гук у 3D куды заўгодна. Мы ўсё пралічвалі, я, безумоўна, знаёміўся з дакументацыяй. Службы тэатра вельмі шчыльна вялі праект. Гэта не так, як было ў Оперным, калі людзей, выселілі, а потым засялілі".
А ў самым нізе знаходзяцца маленькія ложы галоўнага мастака і мастацкага кіраўніка.
Дыяна Даражок: "Яны маюць магчымасць паглядзець кожны спектакль — у іх заўсёды зарэзерваваныя месцы".
З балкона мастацкага кіраўніка бачна добра!
Выходзім з глядацкай залы і трапляем ў арт-фае, раней тут праходзілі рэпетыцыі, пакой быў заўсёды зачынены.
Дыяна Даражок: "Раней у тэатры можна было выйсці і пагуляць толькі па вузкіх калідорах паўколам, мы іх называем барабанамі. А гэтая зала была для рэпетыцый, бо нам не было, дзе рэпетаваць. Далей быў яшчэ пакой там, дзе балкон, там былі адміністрацыйныя памяшканні, частка архіву".
За вокнамі над галоўным уваходам — балкон.
Дыяна Даражок: "Раней на 6 метраў былі прыбудовы. Быў вялікі плоскі фасад у 3 паверхі з даўгімі вокнамі. Гэта ўсё былі прыбудовы — напластаванні на стары фасад 1957-1958 гадоў. Вось гэтыя ўсе прыбудовы прыбралі. Увогуле, тэатр 1890 года — гэта толькі сцэна і пара памяшканняў каля яе. Акцёры прыязджалі загрыміраванымі. У канцы 1950-х яго абляпілі з усіх бакоў грымёрнымі пакоямі і адміністрацыйнымі памяшканнямі. Аўтэнтычна, не было нічога акрамя галоўнай часткі — глядацкай залы і сцэны".
Цяпер жа ўсе адміністрацыйныя памяшканні, грымёркі, кабінеты і залы для рэпетыцый з'явіліся ў новай маналітнай прыбудове да тэатра. Сюды мы цяпер і накіроўваемся, па дарозе забягаем у буфет, тут пакуль пуста.
Дыяна Даражок: "Гэта мастацка-бутафорскі цэх, сюды прыязджаюць дэкарацыі на апошняй стадыі вытворчасці, тут іх дарабляюць і распісваюць. Дэкарацыя знізу трапляе на ліфце сюды. Раней была іншая сістэма, дэкарацыі падаваліся адразу на сцэну".
Вялікая зала для рэпетыцый, цяпер адпавядае памерам сцэны. Раней рэпетавалі ў невялікім холе, дзе цяпер арт-фае.
Толькі дзеля гэтага можна было пачынаць рэканструкцыю, бо гэта галоўнае дасягненне, кажа гукарэжысёр тэатра Павел Захаранка і адразу ж апрабоўвае новае яшчэ не распакаванае піяніна Yamaha.
Зала для рэпетыцый дазволіць не спыняць спектаклі напярэдадні прэм'еры.
Дыяна Даражок: "Калі мы раней выпускалі спектаклі. Мы не давалі вечаровыя паказы на працягу тыдня, альбо 2 тыдняў перад прэм'ерай. Каб новы спектакль з рэпетыцыйнага пакоя перанесці на сцэну. Узнікла ідэя, зрабіць дубль сцэны пад асноўнай пляцоўкай, каб можна было там праводзіць рэпетыцыі да апошняга дня. Але не атрымалася. Ёсць шмат легендаў і гісторый, чаму не атрымалася капаць глыбей. Але сапраўды, калі пачалі спрабаваць, там вельмі цвёрды грунт. Там, фактычна, такая бетонная падушка метрапалітэна, якая не дазволіла капаць углыб".
Таму зала з'явілася ў новай прыбудове. Праўда, калі спектакль будзе тэхналагічна складаным, то рабіць перапынак усё роўна давядзецца, але ненадоўга.
Галоўны фасад цяпер цалкам адпавядае праекту ХІХ стагоддзя архітэктара Казлоўскага і звонку выглядае прыгожа. Абыходзім яго вакол — ззаду тэатра з'явілася летняя кавярня, можна будзе пасядзець літаральна ў двары.
А збоку, у былой грамадскай прыбіральні з'явіцца крама з сувенірамі.
Гардэроб
Галоўны уваход у залу
Тут над сцэнай будуць замацоўвацца дэкарацыі і асвятленне
Падлога ркестравай ямы можа падымацца вышэй, каб пашырыць сцэну
Па традыцыі, на сцэну могуць ступаць толькі тыя, хто мае дпчыненне да тэатра. Таму будаўнікі, якія ходзяць тут, выглядаюць дзіўнавата
Кабінет аддзела знешніх сувязяў
Кабінет мастацкага кіраўніка
Ліфт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі