Эксперт: Беларускія юрысты звяртаюць мала ўвагі на трэці сектар
Як стварыць некамерцыйную арганізацыю і не дапусціць яе ліквідацыі, на адмысловых курсах абяцаюць навучыць юрысты з Цэнтра прававой трансфармацыі.
У межах працы Лятучага ўніверсітэту Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) арганізоўвае школу “Права некамерцыйных арганізацый”. Як стварыць недзяржаўную арганізацыю і якімі законамі рэгулюецца дзейнасць так званага трэцяга сектара, часта не ведаюць нават выпускнікі юрыдычных факультэтаў. Менавіта таму і патрэбная гэта школа, — кажа выкладчыца і дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.:
“У Беларусі мала юрыстаў, якія працуюць у сферы некамерцыйнага права. На жаль, юрыдычная адукацыя, якая цяпер ёсць у Беларусі, на некамерцыйныя арганізацыі ўвагі не звяртае. Студэнты вывучаюць, што ёсць некамерцыйная арганізацыя, у межах грамадзянскага права, і ніякая адмысловая рыса дзейнасці арганізацыі больш не вывучаецца. Мы хочам прыцягнуць увагу маладых юрыстаў, студэнтаў, юрыстаў-практыкаў да такой цікавай сферы права, як некамерцыйнае права”.
Цэнтр прававой трансфармацыі займаецца праблемамі трэцяга сектару ўжо 16 гадоў, у асноўным гэта экспертная, аналітычная дзейнасць, а таксама кансультацыйныя паслугі для недзяржаўных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.
Арганізаваны курс, вядома, не вырашыць праблемы рэгістрацыі некамерцыйных арганізацый, аднак прынамсі навучыць усіх жадаючых, як стварыць такую арганізацыю ды якую лепш выбраць прававую форму яе існавання. Удзельнікам школы распавядуць пра міжнародныя стандарты ў галіне свабоды асацыяцый, асаблівасці рэгістрацыі, дзейнасці і ліквідацыі некамерцыйных арганізацый у свеце. У цэнтры ўвагі будуць таксама пытанні фінансавання, справаводства і кантролю. Арганізатары курсаў абяцаюць зрабіць акцэнт на практычных аспектах.
Варта нагадаць, што дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў Беларусі пагражае крымінальнай адказнасцю. Атрымаць рэгістрацыю складана, а страціць яе вельмі проста. Ніякіх палёгкаў закон не прадугледжвае нават для дабрачынных арганізацый, — кажа Вольга Смалянка.
“Напрыклад, ананімнае ахвяраванне адносяць у нас да дармавой замежнай дапамогі, заканадаўства не дае палёгкаў для донарскай дапамогі. Патрэбны закон аб дабрачынных арганізацыях і аб дабрачыннай дзейнасці”.
Выправіць сітуацыю з прабеламі ў заканадаўстве маглі б дэпутаты Нацыянальнага сходу, аднак, паводле словаў Вольгі Смалянкі, яны не надта адкрытыя да прапаноў юрыстаў недзяржаўнага сектару.
“Калісьці мы праводзілі акцыі, спрабуючы прывабіць дэпутатаў. Мы ладзілі грамадскія слуханні пра дармавую замежную дапамогу. Тады адзін-два дэпутаты ўзялі ўдзел у грамадскіх слуханнях. Цяпер я не магу сказаць, што дэпутацкі корпус актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, якія праводзяць прадстаўнікі некамерцыйных арганізацый”.
Застаецца спадзявацца, што дэпутаты новага склікання Палаты прадстаўнікоў будуць звяртаць больш увагі на праблемы трэцяга сектара.
Рубрыка “Самаабарона” падрыхтаваная спецыяльна для праваабарончай праграмы “Кардыяграма”.
Фота: isefi.by