Эксперт: Шпіёнскія скандалы могуць быць звязаныя з плюшавым дэсантам
У Беларусі злавілі чарговага замежнага агента. А Еўрарадыё вырашыла даведацца, як выпадкова не аказацца шпіёнам.
У Брэсце затрымалі брэстаўчаніна, які нібыта спрабаваў збіраць інфармацыю на грамадзян Беларусі. У КДБ кажуць, што ён меў намер завербаваць людзей у спецслужбы іншай краіны. Але не раскрываюць, якой.
“У дадзеным выпадку ён ведаў, што ён робіць, і за гэта атрымоўваў грошы. Ён свядома ведаў, што гэта не на карысць дзяржаве. Я чытаў у інтэрнэце каментар, у якім напісана, што калі нават замежніку падкажаш шлях да гатэля, то будзе склад злачынства. Не! Не трэба свядома супрацоўнічаць з замежнымі спецслужбамі”, — прэс-сакратар брэсцкага КДБ Міхаіл Шаркоўскі тлумачыць Еўрарадыё, за што ўсё ж такі затрымалі брэстаўчаніна.
На мужчыну пачалі крымінальную справу за супрацоўніцтва з замежнай разведкай без прыкметаў здрады дзяржаве (артыкул 356 частка 1 Крымінальнага кодэксу). Цяпер яму пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі.
Праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што часам замежныя разведкі могуць шантажом схіляць грамадзянаў Беларусі да супрацоўніцтва. І дае парады, як пазбегнуць вярбоўкі.
Гары Паганяйла: “Такі грамадзянін можа распавесці пра кантакты з замежнай разведкай — што пры такіх абставінах ён даў згоду, але ён гатовы супрацоўнічаць, шкадуе аб здзейсненым. У такім выпадку ён можа быць вызвалены аб крымінальнай адказнасці. Трэба глядзець заўвагу да артыкула 356. Пакаянне можа быць успрынята, і ў адносінах да чалавека могуць спыніць крымінальны пераслед”.
Дарэчы, затрыманне жыхара Брэста з’яўляецца першым выпадкам, калі выкарыстоўваецца артыкул 356 частка 1. І другім шпіёнскім скандалам за месяц. Так, 12 ліпеня КДБ заявіў, што спыніў шпіянаж беларусаў на карысць Літвы. Тады літоўскія аналітыкі заявілі, што заява КДБ — "частка інфармацыйнай вайны, якая пагражае іміджу NATO”. Цяпер жа яны лічаць, што “беларускія” шпіёнскія скандалы могуць быць звязаныя з плюшавым дэсантам.
“На мой погляд, гэта частка палітычнай гульні, якая вядзецца паміж дзвюма краінамі. Увогуле, калі казаць пра плюшавы дэсант, то ўсе тры краіны (Беларусь, Швецыя, Літва. — заўв. Еўрарадыё) тым ці іншым чынам уцягнуты ў гэта. Цалкам верагодна, што злаўленне шпіёнаў, сапраўдных ці меркаваных, было своеасаблівым адказам літоўскай дзяржаве. А адказ шведскай дзяржаве — высылка амбасадара і ўсёй амбасады”, — распавядае Еўрарадыё літоўскі палітолаг Віктар Дзенісенка.
На думку эксперта, затрыманне брэсцкага шпіёна можа быць працягам гісторыі, звязанай з цацачным палётам.
Фота: computeractive.co.uk