Еўрапарламент можа зусім адмовіцца ад рэзалюцыі па Беларусі
Такое меркаванне выказаў еўрадэпутат Юстас Палецкіс. І паведаміў пра галоўнае разыходжанне з беларускімі дэпутатамі наконт удзелу ў Еўранэсце
Верагоднасць прыняцця рэзалюцыі па Беларусі на наступным тыдні ў Страсбургу высокая, але гэта яшчэ не дакладна, паведаміў Еўрарадыё дэпутат Еўрапейскага парламента Юстас Палецкіс.
Юстас Палецкіс: "Такое пажаданне старшыні Еўрапарламента было падчас канфлікту з польскай меншасцю. Але цяпер гэты канфлікт не такі востры. Па Беларусі можа быць прынятая рэзалюцыя без правядзення дэбатаў. Таксама магчымыя варыянты дэбатаў без прыняцця рэзалюцыі, а таксама — ані дэбатаў, ані рэзалюцыі".
Рашэнне наконт гэтага праз тыдзень прыме Канферэнцыя Прэзідэнтаў. У гэты орган Еўрапарламента ўваходзяць Прэзідэнт Еўрапарламента, старшыні палітычных групаў і адзін прадстаўнік ад еўрадэпутатаў, якія не ўваходзяць ні ў адну з палітычных групаў.
25-27 лютага Юстас Палецкіс з трыма іншымі еўрадэпутатамі знаходзіўся ў Беларусі ў складзе афіцыйнай місіі Еўрапарламента. Ён прадстаўляе палітычную групу Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў, якая выступіла супраць прыняцця рэзалюцыі па Беларусі на мінулым тыдні ў Бруселі.
Юстас Палецкіс пацвердзіў, што беларускія дэпутаты, з якімі сустракаліся еўрапарламентарыі, выступілі за ўключэнне ў Парламенцкую асамблею Еўранэст 10 дэпутатаў і 10 прадстаўнікоў апазіцыі.
Гэтую прапанову місія сустрэла без вялікага энтузіязму. І галоўная праблема нават не з двайной лічбай прадстаўнікоў ад Беларусі, якая выходзіць у такім выпадку.
"Еўрапейскі парламент прапануе надаць беларускім прадстаўнікам назіральніцкі статус — як для парламентарыяў, так і для апазіцыі, у фармаце 5+5. А беларускі бок настойвае для парламентарыяў на паўнапраўным статусе, і гэта галоўнае разыходжанне", ― паведаміў Юстас Палецкіс.
Сустрэча з дэпутатамі была карыснай з гледзішча абмену меркаваннямі. Але кампрамісу дасягнуць не ўдалося, і перспектывы знайсці яго ў будучыні — невысокія.
Юстас Палецкіс: "Зараз найбольш верагодна, што ў Еўранэсце будзе прадстаўленая толькі беларуская апазіцыя. Але мы спадзяемся, што да сярэдзіны месяца дасягнем кампрамісу з афіцыйнымі беларускімі інстытутамі і магічная формула будзе знойдзена. Хаця спадзяванні не вельмі высокія".
Еўрапейскі парламент не прызнае беларускі парламент легітымным. Таму і ўзнікае праблема з удзелам нашай краіны ў Парламенцкай Асамблеі Ўсходняга Партнёрства “Еўранэст”. У яе склад, апрача прадстаўнікоў ад Беларусі, увойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента, па 10 дэпутатаў нацыянальных парламентаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.
Нагадаем, раней намеснік старшыні Дэлегацыі Еўрапарламента ў Еўранэст еўрадэпутат Яцэк Сарыуш-Вольскі паведамляў Еўрарадыё, што ад Беларусі будуць запрошаныя 10 прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці са статусам назіральнікаў. А старшыня пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч заявіў Еўрарадыё, што беларускі парламент выступае за паўнапраўны ўдзел 10 дэпутатаў у Еўранэсце. І пры іншым рашэнні Беларусь можа паставіць пад пытанне мэтазгоднасць свайго удзелу ва Ўсходнім Партнёрстве.
Глядзі таксама: